|
Напярэдадні
На пачатку XVI стагодзьдзя Эўропа дасягнула крытычнага пункту ў сваім эканамічным і палітычным жыцьці. Крызыс сярэднявечнай духовасьці стаўся прычынай усеабдымнага крызысу эўрапэйскага грамадзтва. Адыходзіла старая гатычная Эўропа, аб'яднаная лацінскай культурай, каталіцкай царквою, рыцарскай традыцыяй і фэўдальнымі адносінамі, якія панавалі на ўсім абшары ад Пірэнэяў да Дняпра, ад Сіцыліі да Скандынавіі. Нясупынныя войны руйнавалі цэлыя краіны. Спачатку Стогадовая вайна пустошыла Францыю, пасьля ў Англіі вайна Белай і Пунсовай Ружы вынішчыла большасьць ангельскага рыцарства. У Гішпаніі чатыры каралеўствы змагаліся паміж сабою і з арабамі, імкнучыся здабыць згубленыя яшчэ ў VІІI стагодзьдзі землі. Чэхія, прыняўшы пропаведзь Яна Гуса аб вяртаньні царквы да Эвангельля, дзесяткі гадоў вяла барацьбу супраць войскаў нямецкага імпэратара. Італійскія дзяржавы зацята біліся паміж сабою за панаваньне на Апэнінах.
Калі дадаць да гэтага эпідэміі і розныя стыхійныя бедствы, няма нічога дзіўнага, што людзі жылі ў страху. Надмагільныя камяні ў супрацьлегласьць спакойным постацям з VІІI стагодзьдзя паказвалі людзей, мучаных хваробамі, старасьцю, зьнішчаных жыцьцём. "Танцы сьмерці" запоўнілі фрэскі, гравюры, з аднолькавай пагардаю паказваючы каралёў і біскупаў, прыгожых жанчынаў і манахаў. Замест Хрыста-Валадара ў каралеўскіх шатах, так распаўсюджанага ў раньнім Сярэднявеччы, касьцёлы напоўніліся выявамі Ісуса, Які памірае на крыжы ў страшэнных муках. Усе чакалі хуткага канцу сьвету. Прароцтвы з Адкрыцьця сьвятога Яна сталі папулярнымі як ніколі. Тым больш, што на Усходзе паўставаў небясьпечны апакаліптычны вораг. У 1453 годзе Эўропа аслупянела на вестку аб захопе туркамі Канстантынопалю. Бізантыйская імпэрыя - хрысьціянская дзяржава, спадкаемца Рымскай імпэрыі ў Грэцыі і на Блізкім Усходзе - перастала існаваць. Султан Мэхмэт на кані ўехаў у храм сьвятой Сафіі, які пасьля быў перароблены на мячэт.
Усе гэтыя падзеі прымушалі людзей шукаць збаўленьня, задумвацца аб вечнасьці. Пытаньне пра лёс чалавека пасьля сьмерці выходзіла на першы плян. Сяляне і рыцары, каралі і месьцічы распачліва шукалі дарогі, якая забясьпечыць ім вечнае жыцьцё, выбавіць ад кары за грахі. У другой палове XV стагодзьдзя вялікую папулярнасьць набылі індульгенцыі - граматы, якія абяцалі прабачэньне грахоў кожнаму, хто дасьць грошы на нейкую мэту, вызначаную папам рымскім. Прагнучы ўнутранага супакою, людзі скуплялі розныя рэліквіі, якія, маўляў, гарантавалі вечнае жыцьцё, шукалі магчымасьці дакрануцца ці хаця б пабачыць галінку палаючага куста, які бачыў Майсей, аблічча Ісуса на хустцы сьвятой Вэранікі, вяроўку, на якой павесіўся Юда, ці адзін са срэбнікаў, што ён атрымаў за здраду Хрыста.
Але ня толькі апакаліптычныя настроі несла ў сабе XV стагодзьдзе. Новыя ідэі, народжаныя ў Італіі, імкліва распаўсюджваліся на поўнач, захад і ўсход. Гэта былі ідэі Рэнэсансу, Адраджэньня. Зьвяртаючыся да скарбаў антычнай культуры, Рэнэсанс нёс у сабе новы стыль жыцьця, новы спосаб успрыйманьня сьвету. "Чалавек нараджаецца не дзеля таго, каб марнець у бязьдзеяньні, а каб працаваць над вялікай і грандыёзнай справай", - казаў адзін зь дзеячоў гэтай эпохі Леон Батыста Альберці. У тым, каб адкрыць магчымасьці чалавека, бачылі сваю задачу людзі эўрапэйскага Рэнэсансу.
У 1455 годзе Ёган Гутэнбэрг зь нямецкага гораду Майнца вынайшаў друкарскі станок. У тым жа годзе з-пад друкарскага прэсу выйшла першая кніга - Біблія на лацінскай мове. Тое, што адбылося пазьней, можна сьмела назваць інфармацыйным выбухам. За некалькі дзесяткаў гадоў з моманту вынаходніцтва колькасьць кнігаў у Эўропе павялічылася з 50 тысячаў да 10 мільёнаў, і большасьць зь іх складалі тэксты Сьвятога Пісьма. Калі раней, каб перапісаць Біблію ад рукі, патрэбны быў не адзін год штодзённай працы манахаў-пісараў, дык цяпер на працягу некалькіх тыдняў магчыма было даць чытачам сотні кнігаў Старога і Новага Запавету. Біблія пераставала быць рэдкасьцю, яе можна было ўбачыць і ў рыцарскім замку, і ў хаце заможнага селяніна, у палацы багатага купца і ў доме рамесьніка.
Адначасова паўсюль пачалі зьяўляцца пераклады Бібліі на нацыянальныя мовы. У 1466 годзе ў Страсбургу выйшла Біблія на нямецкай мове, а праз 5 гадоў - першая італьянская Біблія і францускі пераклад Новага Запавету. У 1475 годзе пабачыла сьвятло чэская Біблія, пасьля галяндзкая і каталянская (мова адной зь дзяржаваў на Пірэнэях). Эразм Ратэрдамскі пісаў двума дзесяцігодзьдзямі пазьней: "Я хацеў бы, каб Біблію пераклалі на ўсе мовы, каб яе чыталі і разумелі ня толькі шатляндзцы і ірляндзцы, але таксама туркі і сарацыны. Я жадаў бы, каб араты сьпяваў вершы зь Бібліі, ідучы за плугам, ткач паўтраў іх пры стуку кроснаў, а падарожнік бавіў сябе эвангельскімі аповядамі пад час доўгай дарогі". І гэтае жаданьне знаходзіла жывы водгук у сэрцах многіх сучасьнікаў, якія прагнулі паглыбіцца ў сьвет Божага аб'яўленьня, прачытаць і зразумець Кнігу кнігаў.
Яшчэ адна падзея ўскалыхнула Эўропу на прыканцы XV стагодзьдзя. Генуэскі марак Хрыстафор Калюмб адкрыў новы кантынэнт - Амэрыку. Аказваецца, ёсьць яшчэ іншыя землі, іншыя народы, якіх ніхто ня ведаў, аказваецца, той сьвет, да якога прызвычаілася сярэднявечная Эўропа, - гэта толькі частка вялікага, яшчэ неспазнанага сьвету.
Страх перад будучыняй і поўнае надзеі чаканьне новага перапаўнялі сэрца кожнага, хто жыў у гэтую эпоху. Царква, якая сваёй дзейнасьцю пранікала ўсе сфэры жыцьця эўрапэйскіх народаў, павінна была адказаць на выклік часу і даць арыентыры, так неабходныя ў сытуацыі, калі рушыцца стары, звыклы сьвет. Аднак яна, далёка адыйшоўшы ад біблійных каранёў, была бязрадная. Крывадушнасьць царкоўных лідараў, іх нязгоднае з Эвангельлем жыцьцё прымушалі многіх шукаць вобраз царквы, адпавядаючы Сьвятому Пісьму, шукаць шляхі духоўнай адновы хрысьціянства. Джыралама Саванарола, флярэнцкі манах, бачучы паўсюднае маральнае сапсуцьцё, усклікаў: "У першаапостальскай Царквы келіхі былі з дрэва, але служыцелі - з золата; сёньняшняя Царква мае келіхі з золата, але служыцеляў - з дрэва". Тысячы людзей думалі гэтак сама, і таму голас, які прагучаў у Вітэнбэргу ў 1517 годзе, адгукнуўся рэхам па ўсім хрысьціянскім сьвеце.
<далей> <зьмест>
|
|