Галоўная
  Гісторыя
  Ідэі
  Асобы
  Дакумэнты
  Даты
  1553-2003
  Фотагалерэя
500 год Жану Кальвіну

500 год Мікалаю Радзівілу Чорнаму

  ЎКантакце




Царква Хрысьціян Веры Эвангельскай у Рэспубліцы Беларусь Царква Ісуса Хрыста
ЗАЛАТЫ ВЕК БЕЛАРУСІ

Дзевяноста пяць тэзісаў, якія зьмянілі сьвет

Вечарам 31 кастрычніка 1517 году вуліцы Вітэнбэрга, сталіцы аднаго з Саксонскіх княстваў, былі запоўненыя ўзрушаным натоўпам, які выходзіў з замкавага касьцёлу пасьля ўрачыстай імшы напярэдадні сьвята Усіх Сьвятых. Некалькі гадоў назад курфюрст саксонскі Фрыдрых Мудры, які прагнуў зрабіць Вітэнбэрг, невялікі яшчэ горад на беразе Эльбы, новай сталіцай Саксоніі, канкурэнтам славутаму сваімі кірмашамі і унівэрсытэтам Ляйпцыгу, атрымаў ад папы рымскага прывілей адпушчэньня грахоў для кожнага, хто на сьвята Усіх Сьвятых паспавядаецца і будзе на імшы ў замкавым касьцёле. На гэты фэст з усёй Саксоніі зьбіраліся жадаючыя атрымаць душэўны супакой. На некалькі дзён колькасьць жыхароў у Вітэнбэргу павялічвалася ў два-тры разы. Тут можна было ўбачыць князёў і баронаў, здрабнелую шляхту і вітэнбэргскіх месьцічаў. Тлумна цягнуліся жабракі аж з-пад Дрэздэна, студэнты новаўтворанага унівэрсытэту сьпяшаліся замольваць свае грахі, сяляне з усяго навакольля зьяжджаліся цэлымі сем'ямі, ператвараючы гарадзкі пляц у вялікі табар.

І вось увесь гэты разнастайны, галасьлівы натоўп напоўніў замкавы касьцёл, суцішваючыся, здымаючы каптуры і капелюшы, каб пабожна ўдзельнічаць у імшы, спадзеючыся атрымаць нейкую пэўнасьць, калі ня ў гэтым жыцьці, дык хаця б пасьля сьмерці. Пачалася імша. Хор манахаў з кляштару аўгустыніянаў засьпяваў "Альлелюя", і ўрачыстая мэлёдыя ўзьнялася пад гатычнае скляпеньне касьцёла. Пасьля на амбону ўзыйшоў сярэдняга веку манах у пацёртым, латаным манаскім адзеньні. Лёгкі шум прабег па натоўпу. "Марцін Лютар, прафэсар", - зашаптаў студэнт месьцічу, у якога здымаў пакой на паддашшы. Марцін Лютар стаў на амбоне, выцягнуў некалькі аркушоў паперы, сьпісаных дробнымі літарамі, і гучным голасам прамовіў: "Наш Госпад і Настаўнік Ісус Хрыстос гаворыць: "Пакайцеся!" Ён прагне, каб усё жыцьцё веручых было пакаяньнем". У касьцёле запанавала цішыня. Брат Марцін гаварыў пра тое, што мучыла многіх, што сабраліся ў гэты вечар. "Калі ўсё жыцьцё павінна быць пакаяньнем, чаго вартыя індульгенцыі? Калі можна за грошы набыць прабачэньне грахоў, у чым тады сэнс пакаяньня?" - працягваў манах. З гневам, з абурэньнем Лютар гаварыў пра індульгенцыі, пра безсэнсоўныя спробы адкупіцца ад кары, пра тых, якія падманваюць людзей дзеля асабістай выгоды, прадаючы неіснуючыя квіткі ў Валадарства Нябеснае. Сваю пропаведзь брат Марцін скончыў, зачытаўшы 95 тэзісаў супраць індульгенцыяў, пасьля зыйшоў з амбоны, выйшаў з касьцёлу і прыбіў аркушы з тэзісамі да брамы. "Калі нехта можа абвергнуць тое, што тут напісана, я запрашаю да дыскусіі ці тут, у Вітэнбэргу, ці ў любым горадзе Сьвятой Рымскай імпэрыі нямецкай нацыі", - абвесьціў ён і вярнуўся на сваё мейсца. У касьцёле раптам стала шумна: гэта студэнты пачалі абмяркоўваць тэзісы Лютара, падтрымліваючы ці абвяргаючы прафэсара, але большасьць людзей разгублена маўчала. Хор зноў засьпяваў, служба пайшла далей, але сэрцы сотняў людзей былі ўсхваляваныя словамі, якія яны пачулі.

Дзевяноста пяць тэзісаў ускалыхнулі горад. Некалькі дзён увесь Вітэнбэрг толькі і гаварыў пра пропаведзь брата Марціна. Ужо назаўтра студэнты пераклалі тэзісы Лютара, напісаныя на лаціне, на нямецкую мову, а Ганс Люфт, які меў друкарню паблізу унівэрсытэту, надрукаваў гэты пераклад. Шматлікія паломнікі, што прыйшлі на сьвята Усіх Сьвятых у горад, панесьлі па ўсёй краіне тэзісы вітэнбэргскага прафэсара. У палацах і ў карчмах пачаліся зацятыя спрэчкі пра індульгенцыі, пра збаўленьне, пра пакаяньне, пра Біблію, пра тое, якой павінна быць царква. Пропаведзь Марціна Лютара стала той запалкай, якая падпаліла Нямеччыну. Уся краіна загаварыла пра Рэфармацыю.

Рэфармацыя - гэта лацінскае слова, якое ўтвараецца праз дадаваньне прыстаўкі "рэ-" да слова "фармацыя". "Фармацыя" азначае наданьне нечаму пэўнага кшталту, формы, а прыстаўка "рэ-" - што дадзенае дзеяньне паўтараецца зноў. Такім чынам, Рэфармацыя - гэта аднаўленьне першапачатковага кшталту, першаснага вобразу. Рэфармацыя - гэта вяртаньне да першакрыніцы - Бібліі, вяртаньне да Божага погляду на Царкву, на грамадзтва, на чалавека. І Марцін Лютар быў тым, хто на поўны голас заявіў пра гэта.

Кім жа быў гэты прафэсар зь Вітэнбэргу, словы якога ўскалыхнулі Эўропу? Марцін Лютар быў манахам ордэну аўгустыніянаў і прымаў дзейны ўдзел у жыцьці каталіцкае царквы як сьвятар і прафэсар тэалёгіі. Здавалася, ён мог бы быць задаволены сваім жыцьцём, стаўшы ў 29 год прафэсарам, а пазьней - вікарыем (наглядчыкам) усіх саксонскіх кляштараў аўгустыніянаў. Але брат Марцін увесь час пытаўся ў сябе: "Як дасягнуць міру з Богам? Як знайсьці ласку ў Бога?" І гэтыя пытаньні не давалі яму спакою.

Для Лютара, як і для іншых вернікаў таго часу, Бог быў грозным, неміласэрным Судзьдзёю, Які сочыць за чалавекам і карае кожны ягоны праступак. Гэтага Бога трэба было задобрыць сваімі ўчынкамі. У Лютара было вельмі чульлівае сумленьне. Некаторыя кажуць, што "надта" чульлівае. Ён рабіў усё, каб здабыць міласьць Бога, але ад гэтага яго жыцьцё станавілася яшчэ горшым. Будучы манахам, сьвятаром, прафэсарам, ён праводзіў сваё жыцьцё ў пастах і малітвах да сьвятых, насіў кашулі з конскага воласу, пастаянна спавядаўся ў сваіх грахах, хадзіў у паломніцтвы, купляў індульгенцыі, выконваў усе патрабаваньні каталіцкай царквы. Але гэта падавалася яму недастатковым, і нават калі ён сам лічыў, што робіць усё магчымае, каб жыць праведна, супакою не было. Ніводзін сьвятар ня мог сказаць яму ўпэўнена, што ён прабачаны, і Лютар сам ведаў, што ня мае міру з Богам. У гэты час ён наведаў Рым, сталіцу хрысьціянства, маліўся, пасьціўся, выконваў усе абрады, дакранаўся ўсіх рэліквіяў, але ўнутры было пуста. Гледзячы на духоўнае і маральнае сапсуцьцё рымскага духавенства, брат Марцін губляў надзею.

Як прафэсар тэалёгіі ў Вітэнбэргу ён чытаў студэнтам лекцыі - камэнтаваў Псальмы і Новы Запавет. У адзін з доўгіх зімовых вечароў Марцін Лютар, вывучаючы Пасланьне да Рымлянаў, раптам спыніўся на словах, якія далі адказ на ўсе пытаньні загубленага чалавека: "Праведнік вераю жыць будзе". Вось яно, выратаваньне! "Я адчуў сябе цалкам адроджаным ... Гэтыя словы Паўла сталіся для мяне брамамі раю", - апісваў брат Марцін свае перажываньні таго вечару. Апраўданьне Божае прыходзіць да нас не праз нашыя ўласныя намаганьні, але мы атрымліваем яго, калі прымаем вераю тое, што Ісус Хрыстос ужо зрабіў для нас на крыжы. Усьведамленьне гэтага перавярнула жыцьцё Марціна Лютара. Ён зразумеў, што збаўленьне - гэта перш за ўсё асабістыя адносіны з Богам.

Крок за крокам дасьледуючы Біблію, ён адкрыў, што царква цалкам сказіла Эвангельле. Замест Божай міласьці прапаведваліся чалавечыя заслугі, замест веры - забабоны і рэлігійныя абрады, замест Слова Божага - легенды і традыцыі. Асабліва ўражвала вітэнбэргскага прафэсара вучэньне аб індульгенцыях, аб тым, што манахі і сьвятары за пэўную плату могуць вымаліць прабачэньне грахоў. Заплаціўшы грошы, якія павінны былі пайсьці на пабудову базылікі сьвятога Пятра ў Рыме, чалавек атрымліваў спэцыяльную грамату, змацаваную папскай пячаткай, якая гарантавала прабачэньне грахоў жывому або памёршаму. З гэтым згадзіцца Марцін Лютар ніяк ня мог, і таму на браме замкавага касьцёлу ў Вітэнбэргу зьявіліся 95 тэзісаў супраць індульгенцыяў. Некалькі папскіх тэолягаў прынялі выклік Лютара да дыскусіі, але нічога не змаглі супрацьпаставіць ягоным тэзісам, толькі абвінавацілі брата Марціна ў тым, што ён паўтарае вучэньне Яна Гуса, асуджанае каталіцкай царквою на саборы ў Канстанцы. На гэта Лютар адказаў, што нават адзін чалавек, абапіраючыся на Сьвятое Пісьмо, можа выступаць і супраць папы, і супраць сабору. Калі празь нейкі час гусіты з Чэхіі прыслалі Марціну Лютару творы Яна Гуса, ён, прачытаўшы іх, знайшоў, што мноства ідэяў праскага рэфарматара падобныя да яго ўласных. Менавіта тады ён абвесьціў сваім пасьлядоўнікам: "Усе мы - гусіты, ня ведаючы пра гэта".

Папа рымскі выслаў Лютару грозны загад адмовіцца ад сваіх поглядаў. Рэфарматар адказаў на гэта "Зваротам да хрысьціянскай шляхты нямецкай нацыі", які быў надрукаваны нечуваным на тыя часы накладам у 4 000 асобнікаў і разыйшоўся так хутка, што празь месяц ужо друкавалася новае выданьне. У гэтым звароце, напісаным па-нямецку, Лютар сьцьвярджаў, што няма сэнсу гаварыць пра тое, што сьвятары - гэта нейкія асаблівыя людзі, бо згодна зь Бібліяй усе веручыя належаць да сьвятарства, і нагадваў, што сапраўдная Рэфармацыя пачынаецца ў сэрцы чалавека. Падзеі набіралі разгон.

15 чэрвеня 1520 году папа рымскі Леў X падпісаў бульлю (пасланьне), у якой Марціну Лютару давалася 60 дзён, каб ён адмовіўся ад сваіх словаў, і загадвалася спаліць усе ягоныя творы. Але абвесьціць гэтае пасланьне папскія легаты (пасланьнікі) змаглі толькі ў некаторых гарадах. У Майнцы, Ляйпцыгу, Кёльне не было пра гэта нават гаворкі, бо яны ледзь уцяклі ад абуранага натоўпу. А 20 сьнежня 1520 году ля брамы Вітэнбэргу Лютар, акружаны ўсхваляванымі студэнтамі, выкладчыкамі і месьцічамі, кідае ў вагонь папскае пасланьне.

Вясною 1521 году Марцін Лютар па загаду імпэратара зьявіўся на Вормскім сойме (сходзе нямецкіх князёў і прадстаўнікоў гарадоў). Ад яго зноў запатрабавалі адрачэньня ад сваіх тэзісаў. Тады Лютар, нагадаўшы, што папа і саборы неаднойчы памыляліся, абвесьціў, што калі яго не пераканаюць на падставе Бібліі, ён не адмовіцца ад выказаных думак: "На гэтым я стаю, я не магу інакш. Няхай дапаможа мне Бог". Імпэратар нічым ня змог аспрэчыць рэфарматара, аднак прысудзіў яго на выгнаньне. Тады саксонскі курфюрст Фрыдрых Мудры, які спрыяў Лютару, схаваў яго ў замку Вартбург. Там Марцін Лютар пачаў сваю працу над перакладам Бібліі на нямецкую мову. У верасьні 1522 году зьявіўся ў продажы Новы Запавет у яго перакладзе. Нягледзячы на вялікі наклад і завялікую цану ў паўтары дукаты, усе асобнікі раскупілі за два месяцы, і каб хоць неяк задаволіць попыт, на працягу двух гадоў выйшла 70 выданьняў гэтага перакладу. У 1534 годзе зьявілася поўная Біблія на нямецкай мове. Яе папулярнасьць была такой вялізарнай, што нават каталіцкія друкарні выдавалі гэты пераклад. Да сёньняшняга дня Біблія ў перакладзе Марціна Лютара зьяўляецца найпапулярнейшым нямецкім перакладам Сьвятога Пісьма. Больш таго, гэты пераклад стварыў і ўнармаваў сучасную нямецкую мову, зьяўляючыся найбольшым нямецкім празаічным творам.

Але ня толькі перакладамі і рэлігійнымі трактатамі Марцін Лютар абнаўляў царкву. Ён пісаў таксама песьні, якія сьпявалі па ўсёй Нямеччыне і за яе межамі. Ягоныя псальмы распаўсюджвалі Эвангельле хутчэй за ягоныя пропаведзі. Марцін Лютар зрэфармаваў таксама літургію, праводзячы яе на нямецкай мове і ставячы ў яе цэнтры пропаведзь Слова Божага.

Вучэньне Лютара можна абагульніць наступнымі прынцыпамі:

1. Sola gratia - толькі ласка Божая. Чалавек сваімі ўласнымі намаганьнямі ніяк ня можа заплаціць за свае грахі. Бог Сам вырашыў гэтую праблему, паслаўшы Свайго Сына Ісуса Хрыста, Які Сваёй сьмерцяй заплаціў за кожнага грэшніка. Чалавек нічым не заслужыў свайго выратаваньня, гэта ініцыятыва міласэрнага Бога.

2. Sola fides - толькі вера. Адказам чалавека на Божую ініцыятыву павінна быць вера. Вера - гэта прыняцьцё таго, што Бог ужо зрабіў для кожнага чалавека. Чалавек сам па сабе ня можа быць праведным. Праведнасьць зьяўляецца дарам ад Бога, які прыходзіць толькі празь веру.

3. Sola Scriptura - толькі Сьвятое Пісьмо. У Бібліі Бог адкрывае Свой плян, які мае для кожнага чалавека і для сьвету. Біблія зьяўляецца адзіным крытэрам, які паказвае Божыя стандарты для кожнай сфэры жыцьця чалавека.

4. Sola Christo - толькі Хрыстос. Няма іншага шляху выратаваньня чалавека, як толькі вера ў Ісуса Хрыста. Верыць у Хрыста - гэта значыць імкнуцца жыць жыцьцём Сына Божага. Насьлядаваньне Хрыста зьяўляецца сутнасьцю хрысьціянскага жыцьця.

Рэформы, пачатыя Марцінам Лютарам, ахапілі ўсю Эўропу. У 1526 годзе Альбрэхт Гогенцольлерн абвесьціў лютаранства афіцыйным веравызнаньнем Прусіі. У гэты самы час Швэцыя вяла змаганьне за вызваленьне ад дацкага панаваньня, і змагары за незалежнасьць ішлі пад штандарамі Рэфармацыі, ствараючы лютаранскую царкву ў сваёй краіне. У 1529 годзе нямецкія князі на імпэратарскім сойме ў Шпэеры выступілі з пратэстам супраць пастановаў, скіраваных на забарону рэфармацыйнага руху. З гэтага часу пасьлядоўнікаў Рэфармацыі сталі называць пратэстантамі.

У 1518 годзе рух Рэфармацыі ахапіў Швайцарыю. Гэтая горная краіна ўяўляла сабою саюз вольных кантонаў, кожны зь якіх быў малою рэспублікаю. З тых часоў, калі швайцарцы, абараняючы незалежнасьць сваёй краіны, разьбілі славутыя аддзелы бургундзкіх рыцараў, усе эўрапейскія валадары запрагнулі мець у сваім войску швайцарскую пяхоту. Маладыя людзі з альпійскіх вёсак ішлі ў чужаземныя войскі і сотнямі гінулі на палях бітваў. Лямантам у пустыні стаў голас Ульрыка Цвінглі, патрыёта і рэфарматара, які з амбоны катэдральнага касьцёлу ў Цюрыху выступіў супраць наёмнай службы, нязгоднай з хрысьціянскай маральнасьцю. Абвяшчаючы, як і Лютар, збаўленьне празь веру, Цвінглі выступіў таксама супраць індульгенцыяў, заклікаючы выгнаць з гораду тых, хто прадае адпушчэньне грахоў, як ашуканцаў і махляроў, і сьцьвердзіў, што толькі Біблія ўтрымлівае прынцыпы, абавязковыя для кожнага хрысьціяніна. У хуткім часе рада Цюрыху абвесьціла пра пераход кантону на бок Рэфармацыі. Замест незразумелай лаціны ў царкоўных пропаведзях загучала родная мова. Цюрыхскія цэрквы пазбавіліся алтароў, абразоў, статуяй і сталі дамамі малітвы. Надаючы царкве першасны вобраз, Цвінглі арганізаваў самакіраваньне ў царкоўных супольнасьцях.

Рэформы Цвінглі прынялі найбольш перадавыя кантоны Бэрн, Базэль, Цюрых. Але спроба распаўсюдзіць Рэфармацыю на ўсю краіну сустрэла ўпарты супраціў так званых "старых" кантонаў, якія мелі немалы даход з наёмнай службы швайцарцаў. Спрэчка пра веру сталася спрэчкаю пра далейшыя шляхі разьвіцьця краіны. Гэта прывяло да вайны. 12 сьнежня 1531 году ў бітве пры Капэлі цюрыхскі аддзел у 1 800 ваяроў быў разьбіты 8-тысячнай арміяй, сабранай старымі кантонамі. Паранены Цвінглі трапіў у рукі ворагаў, якія прапанавалі яму захаваць жыцьцё, калі ён вырачацца сваёй веры, але Цвінглі адмовіўся і быў забіты.

Аднак сьмерць Цвінглі не спыніла Рэфармацыю ў Швайцарыі. Яе працягнуў іншы рэфарматар - Жан Кальвін. Пакаяўшыся ў 1534 годзе, ужо ў 1536 годзе ён скончыў трактат "Настаўленьне ў хрысьціянскай веры", названы гісторыкамі "кнігаю, якая мела найбольшы уплыў на тэалёгію ў гісторыі Царквы" і "клясычным тэкстам францускай мовы". Жан Кальвін вярнуў хрысьціянству праўду, што кожны чалавек створаны Богам для нейкай канкрэтнай мэты, і сэнсам яго жыцьця зьяўляецца знайсьці і рэалізаваць Божы плян. Грэх зрабіў чалавека няздольным ажыцявіць сваё прызначэньне, але Хрыстос вызваліў яго з гэтай няволі і даў яму шанец рэалізавацца. Толькі дзякуючы веры ў Хрыста чалавек можа стаць самім сабою і дасягнуць сваёй мэты. У тым жа 1536 годзе Кальвін быў запрошаны ў Жэневу, вялікі горад, поўны распусты і п'янства. Два гады змагаючыся з немаральнасьцю і духоўнай абыякавасьцю жэнеўцаў, рэфарматар адмовіўся рабіць ламаньне хлеба, калі жыхары гораду не пакаюцца ў сваіх грахах. Рада Жэневы ў адказ пастанавіла выгнаць занадта радыкальнага прапаведніка. Аднак праз тры гады жэнеўскія месьцічы зноў запрасілі Кальвіна да сябе, і ў хуткім часе сьвет убачыў прыклад зрэфармаванага гораду. Вуліцы Жэневы сталі бясьпечныя нават уначы, і ідучы па ім, ня трэба было баяцца, што нехта вылье памыі на галаву або пачне чапляцца нейкі п'яніца. Апошні шынок, дзе прадавалі віно гарадзкім алькаголікам, зачыніўся тры гады таму, а ягоны гаспадар зьехаў у Францыю, дзе людзям яшчэ патрэбна віно, каб уцячы ад праблемаў у сям'і ці ад безнадзейнасьці жыцьця. Каля кожнага дому чыста прыбрана, бо кожная вуліца мае адказнага, які глядзіць за парадкам і мае права штрафаваць таго, хто ператварае сваё жытло ў сьметнік. Квартал гарадзкой басоты цяпер не пазнаць: адзін стаў майстрам, другі працуе ў друкарні, а Жан Дзівак стаў банкірам. Банк яго пакуль што невялікі, але хто ведае, што будзе праз пару дзесяткаў гадоў. Кожны грош палічаны і не ідзе абы-куды, але пускаецца на разьвіцьцё справы. У нядзелю горад пусьцее, бо кожны сьпяшаецца ў царкву, трымаючы пад пахаю Біблію.

Сваім вучэньнем Жан Кальвін імкнуўся выхаваць моцных людзей, якія не хістаюцца, але супрацоўнічаюць з Богам і выконваюць Яго волю. Дзеля гэтага на пропаведзях ён вучыў карыстацца біблійнымі прынцыпамі ў штодзённым жыцьці, дзеля гэтага заклаў у Жэневе мноства пачатковых школаў і адкрыў Акадэмію, дзеля гэтага арганізаваў жыцьцё царквы так, каб кожны вернік нёс адказнасьць за яе служэньне. Чэрпаючы зь Бібліі ідэалы самакіраваньня, Кальвін вучыў, што каралі пастаўленыя Богам над народам як кара за чалавечыя грахі, і сьцьвярджаў, што Бог можа навучыць народных прадстаўнікоў абыйсьціся без манарха і, узяўшы ўладу ў свае рукі, рабіць Божыя справы.

Ня дзіўна, што ўдзельнікі вайны за незалежнасьць Галяндыі, змагары Слаўнай рэвалюцыі 1648 году ў Англіі, перасяленцы ў ангельскіх калёніях у Паўночнай Амэрыцы называлі жэнеўскага рэфарматара сваім духоўным бацькам. Ягоныя ідэі сталіся асновай сёньняшняга грамадзтва, таму гісторыкі ў адзін голас называюць Кальвіна "заснавальнікам новай цывілізацыі".

Рэфармацыя кардынальна зьмяніла аблічча Эўропы. Калі ў Сярэднявеччы паўночныя краіны былі без параўнаньня больш бедныя і адсталыя, чым Італія, Францыя, Гішпанія, то пасьля Рэфармацыі ўсё стала дакладна наадварот. Паўночныя краіны, прыняўшы Рэфармацыю, пачалі імкліва разьвівацца, і ня гледзячы на менш спрыяльныя прыродныя ўмовы, хутка багацелі, а краіны Паўднёвай Эўропы паступова ставаліся беднымі і адсталымі на фоне сваіх паўночных суседзяў. Шэраг нямецкіх земляў, а таксама Швайцарыя пачалі перажываць імклівы эканамічны ўздым. Галяндыя, напалову затопленая, зьнішчаная саракагадовай вайной за незалежнасьць, ужо празь пяцьдзесят гадоў становіцца цэнтрам міжнароднага грашовага рынку, дзяржавай, зь якой усе мусяць лічыцца. У Швэцыі ўцекачы-пратэстанты зь іншых краінаў Эўропы сталі распачынальнікамі эканамічных і палітычных пераўтварэньняў, якія стварылі з краіны дзікіх вікінгаў адну з самых уплывовых дзяржаваў. У Англіі Слаўная рэвалюцыя 1648 году, асноўнай сілай якой былі пурытане - ангельскія кальвіністы, стала пачаткам сусьветнага панаваньня Брытаніі. Пазьней рух мэтадыстаў прадухіліў у Англіі паўтарэньне падзеяў Францускай рэвалюцыі 1789 году і зрабіў Англію "майстэрняй сьвету". Фэнамэнальная гісторыя Злучаных Штатаў Амэрыкі непарыўна зьвязаная зь дзейнасьцю эвангельскіх місыянэраў і разьвіцьцём эвангельскіх цэркваў. Сацыёлягі сьцьвярджаюць, што фармаваньне рынкавай эканомікі бярэ свой пачатак з Рэфармацыі, якая сфармавала так званую "пратэстанцкую этыку", паводле якой каштоўнасьць чалавека вызначаецца якасьцю яго працы. Такі падыход да працы стварыў падставы сёньняшняга дабрабыту заходняй цывілізацыі.

Адзін з галоўных прынцыпаў аднаўленьня духоўнага жыцьця заключаецца ў непасрэдных адносінах з Богам, якія базуюцца на чытаньні і разуменьні Бібліі кожным чалавекам, таму разьвіцьцё Рэфармацыі выклікала дынамічны рост колькасьці навучальных установаў ва ўсёй Эўропе. Кожная эвангельская царква імкнулася мець школу, у якой бы дзеці і дарослыя вучыліся чытаць, пісаць, лічыць і г.д. Лютаранская Швэцыя стала першай краінай, якая ўвяла ўсеагульную адукацыю на дзяржаўным узроўні. З Рэфармацыі таксама бярэ свой пачатак такая навука як пэдагогіка. Ян Амос Каменскі, прапаведнік і настаўнік, увёў тыя прынцыпы, на якіх трымаецца сучаснае навучаньне, напрыклад: "Настаўнік павінен вучыць ня столькі, колькі ён можа, а колькі вучань можа зразумець". Каб дзеці лепш маглі ўспрыняць матэрыял, ён першы пачаў выкарыстоўваць малюнкі ў навучальным працэсе.

Чытаючы Біблію, многія адукаваныя людзі XVI-XVII стагодзьдзяў зьвярнулі ўвагу на тое, што Бог хоча, каб кожны чалавек вывучаў, пазнаваў, разьвіваў і абрабляў той сьвет, у якім ён жыве. Гэта дало пачатак разьвіцьцю прыродазнаўчых навукаў. Дацкі астраном Тыха Брагэ заснаваў ва Уніборгу найлепшую ў Эўропе абсэрваторыю, якая стала навуковым цэнтрам Даніі. Дзякуючы гэтаму, Тыха Брагэ выканаў найдакладнейшыя астранамічныя вылічэньні і склаў каталёг тысячаў зорак. На аснове гэтых дасьледваньняў нямецкі вучоны Ёган Кеплер, які прысьвяціў сваё жыцьцё пошуку матэматычнай гармоніі, у адпаведнасьці зь якой Бог стварыў сусьвет, адкрыў тры законы абарачэньня плянэтаў вакол Сонца, канчаткова давёўшы геліяцэнтрычную будову Сонечнай сыстэмы і стаўшы адным з пачынальнікаў сучаснай астраноміі. Нямецкі батанік Фукс даў навуцы найбольш шырокую і сыстэматызаваную батанічную намэнклятуру. Ангельскі філёзаф Фрэнсіс Бэкан, які лічыў неабходным аднавіць панаваньне чалавека над прыродай, страчанае ў выніку грэхападзеньня, стаў адным з заснавальнікаў мэтаду навуковага экспэрымэнту, які прадвызначыў імклівае разьвіцьцё навукі ў наступных стагодзьдзях. У пазьнейшыя часы ідэі, народжаныя з чытаньня Слова Божага, натхнялі матэматыка Готфрыда Ляйбніца і фізыка Ісаака Ньютана. Менавіта вяртаньне хрысьціянскага сьвету да Бібліі дало пачатак астраноміі, фізыцы, хіміі, батаніцы, анатоміі і іншым навукам, безь якіх немагчыма ўявіць сучасную цывілізацыю.

Да часоў Рэфармацыі адносіцца узьнікненьне паняцьцяў, якія сёньня вядомыя як агульначалавечыя каштоўнасьці. Свабода сумленьня, свабода слова, права на жыцьцё, права на адукацыю і многія іншыя сягаюць сваімі каранямі ў XVI стагодзьдзе.

Нельга не заўважыць уплыву Рэфармацыі і на нацыянальнае разьвіцьцё народаў. Кожны раз прыняцьцё ідэяў Рэфармацыі суправаджалася нацыянальным уздымам, вяло да незалежнасьці, як у выпадку Галяндыі ці Швэцыі, або падымала нацыянальную культуру, мову на дзяржаўны ўзровень, як гэта было ў Нямеччыне, Францыі, Англіі. Адным з прынцыповых патрабаваньняў рэфарматараў заўсёды было патрабаваньне шырокага ўжываньня роднай мовы.

Можна з упэўненасьцю сказаць, што тое грамадзтва, у якім мы сёньне жывем, тая культура, тая тэхніка, якія нас атачаюць, сталі тым, чым ёсьць, дзякуючы Рэфармацыі. Рэфармацыя распачала працэсы, якія зьмянілі сьвет, менавіта яна стала пачаткам пэрыяду, названага гісторыкамі Новым Часам.

<далей> <зьмест>



Беларуская вэрсія
English version
Русская версия

Новы Запавет і Псальмы (1931)
Станіслаў Акіньчыц. Залаты Век Беларусі
Катэхізіс. Нясьвіж, 1562
'Спадчына', 2003, №1
Навуковая канферэнцыя 'Рэфармацыя і Залаты Век Беларусі', 2003 г.
Пратэстанцкая царква і беларускі нацыянальны рух

Галоўная - Гісторыя - Ідэі - Асобы - Дакумэнты - Даты - 1553-2003 - Фотагалерэя


Агульныя пытаньні: