Галоўная
  Гісторыя
  Ідэі
  Асобы
  Дакумэнты
  Даты
  1553-2003
  Фотагалерэя
500 год Жану Кальвіну

500 год Мікалаю Радзівілу Чорнаму

  ЎКантакце




Царква Хрысьціян Веры Эвангельскай у Рэспубліцы Беларусь Царква Ісуса Хрыста
ЗАЛАТЫ ВЕК БЕЛАРУСІ

Уздоўж Вільлі і Нёмана

Вялікі рух Рэфармацыі, які ахапіў у XVI стагодзьдзі Эўропу, не абмінуў і Вялікае Княства Літоўскае, беларускую дзяржаву, пачаткі якой губляюцца ў трывожным XIII стагодзьдзі. У 1242 годзе тумэны Бату-хана ператварыўшы ў пустыню Уладзіміра-Суздальскую Русь, прайшлі вогненым катком праз Кіеўшчыну, Валынь, Паўднёвую Польшчу і Вэнгрыю, пакідаючы пасьля сябе папялішчы гарадоў і зарастаючыя маладым лесам палі. У гэтай сытуацыі беларускія княствы, якіх не закранула яшчэ татарская навала, пачалі аб'ядноўвацца. Цэнтрам новага дзяржаўнага ўтварэньня стала Літва, пушчанскі край ў ваколіцах Наваградка, дзе ўжо даўно жылі разам, то ваюючы, то сваячачыся, славяне і балты. Каля 1250 г. Міндоўг, абраны наваградзкім князем, пашырыў сваю ўладу аж да Менску. Здольны дыплямат і мудры ваявода, у 1253 г. ён быў каранаваны ў Наваградку папскім легатам, і такім чынам нэўтралізаваў небясьпечнага ворага на паўночным захадзе - Тэўтонскі ордэн. Зьяўленьне магутнай улады ў Верхнім Панямоньні занепакоіла суседзяў, і празь некалькі гадоў да межаў Беларусі пацягнуліся незьлічоныя татарскія орды хана Бурундая. Перш чым ісьці на Наваградак, Бурундай запатрабаваў пад пагрозай вайны Галіцка-Валынскаму княству зруйнаваць усе ўмацаваньні вакол гарадоў, і князю Даніле Галіцкаму прыйшлося зрабіць гэты самагубчы крок, бо хто ж мог супрацьстаяць татарам. Але паход Бурундая на Літву (так у старажытнасьці называлі беларускія землі) не прынёс Ардзе перамогі. Спустошыўшы Случчыну і Наваградчыну, Бурундай ня змог падпарадкаваць беларускія княствы і адыйшоў назад у прычарнаморскія стэпы. З тых часоў засталіся ў народзе паданьні пра бітвы з татарамі пад Койданавым і Магільным.

Пасьпяхова адбіўшы татараў, наваградзкае княства пачало падпарадкоўваць сабе балцкія плямёны ўздоўж Вільлі, і прэтэндаваць на Жамойць, змагаючыся пры гэтым з Тэўтонскім ордэнам. Адначасова шляхам дамовы "Старыны ня рухаем, навіны ня ўзводзім" да Наваградку далучыліся Полацак, Віцебск, Тураў, Пінск. Новая дзяржава, якая атрымала назву Вялікае Княства Літоўскае, ад самага пачатку карысталася наваградзкім гербам Пагоня - на чырвоным полі срэбны вершнік з узьнятым мячом. На беларускіх землях "пагоняй" называлася скліканьне баярства на вайну, усеагульнае апалчэньне.

У першай палове XIV стагодзьдзя Вялікае Княства Літоўскае аб'яднала практычна ўсю Беларусь і частку Жамойці, пастаянна адбіваючы напады крыжакоў з захаду і поўначы і татараў з усходу і поўдня. У 1323 годзе вялікі князь Гедымін перанёс сталіцу дзяржавы з Наваградку ў Вільню і пачаў будаваць мураваныя замкі ў паўночна-заходняй Беларусі (у Вільні, Наваградку, Лідзе, Мядзелі), каб супрацьстаяць крыжацкім нападам. Ягоны сын, Альгерд, у 1362 годзе разьбіў татараў у бітве каля ракі Сінія Воды і вызваліў з-пад іхняй улады ўкраінскія землі - Кіеўшчыну, Валынь і Падольле, паклаўшы пачатак заняпаду Залатой Арды. Вялікае Княства Літоўскае стала адной з найвялікшых і адной з магутнейшых дзяржаваў у Эўропе. У гэты час беларускія землі канчаткова аб'ядналіся і замацавалі сваё цэнтральнае месца ў дзяржаве, у выніку чаго, паводле вобразнага выразу Ф.Багушэвіча, Беларусь стала тут "як зерне ў гарэху". Пачынаючы з гэтага часу і аж да другой паловы XIX стагодзьдзя сучасная Беларусь называлася Літвою, а яе жыхары - ліцьвінамі або людзьмі літоўскімі, літвою.

Справаводзтва пры двары вялікага князя вялося на дзьвюх мовах: уся дакумантацыя, зьвязаная з Захадам, выконвалася на лаціне, а дакуманты, прызначаныя для ўласнай дзяржавы і ў адносінах з усходнімі суседзямі, пісаліся як на лаціне, так і на царкоўнаславянскай мове, якая ў Вялікім Княстве выконвала тыя самыя функцыі, што і лаціна ў Заходняй Эўропе. Гэтыя мовы, па сутнасьці, былі мёртвымі, але дазвалялі паразумявацца з усімі навакольнымі народамі. Ужо ў сярэдзіне XIV стагодзьдзя ў граматах, пісаных у Вільні ці Полацку на царкоўнаславянскай мове, заўважаюцца ўплывы жывой беларускай мовы, а на пачатку другой паловы XV стагодзьдзя старабеларуская мова стала дзяржаўнай мовай Вялікага Княства Літоўскага.

Сьмерць вялікага князя Альгерда выклікала крывавую міжусобную барацьбу ў Княстве, у выніку чаго вялікім князем літоўскім стаў Альгердаў сын - Ягайла. Стаўшы на чале дзяржавы, Альгердавіч апынуўся ў досыць складанай сытуацыі, бо на паўночным захадзе ўзмоцнілі свой наступ Тэўтонскі і Лівонскі ордэн, захапіўшы Жамойць, з поўдня прыходзілі трывожныя весткі з Арды, на ўсходзе пачыналіся першыя канфлікты зь Вялікім Княствам Маскоўскім, а на захадзе не сьціхала спрэчка з Польскім Каралеўствам пра Валынь. Апроч усяго Ягайла ня быў старэйшым сынам Альгерда і за вялікакняскі пасад трэба было змагацца і са сваімі роднымі братамі, і са стрыечнымі. Таму вялікі князь літоўскі шукаў апірышча ў саюзе з суседнімі дзяржавамі, або з Масквой, або з Польшчай. Аднак ледзь пачаўшы перамовы з Дзьмітрам Данскім, Ягайла хутка адмовіўся ад гэтых крокаў, бо маскоўскі князь запатрабаваў ад Альгердавіча прызнаць сябе "малодшым братам" Масквы і ахрысьціць у праваслаўе "ўсю Літву". Саюз з Польшчай выглядаў больш прывабным, бо дазваляў вялікаму князю літоўскаму стаць адначасова польскім каралём. У дадатак гэта давала магчымасьць сумеснымі намаганьнямі спыніць крыжацкую агрэсію. Пасьля адпаведных перамоваў у 1385 г. у Крэве было падпісанае пагадненьне аб дынастычнай уніі (аб'яднаньне, у якім дзьве дзяржавы маюць аднаго караля). Ягайла са свайго боку абавязваўся хрысьціць паводле каталіцкага абраду яшчэ ня хрышчаных ліцьвінаў. Але Крэўская унія не прынесла супакою Княству, не задаволенаму падпісанымі ўмовамі. На чале апазыцыі стаў стрыечны брат Ягайлы, Вітаўт, якога падтрымлівала значная частка беларускіх баяраў. Каб канчаткова не згубіць улады над Вялікім Княствам, Ягайла пайшоў на саступкі і прызнаў Вітаўта вялікім князем літоўскім. У 1410 годзе аб'яднаныя войскі Вялікага Княства Літоўскага і Польскага Каралеўства пад Грунвальдам разграмілі армію Тэўтонскага ордэну. Краіна ўздыхнула з палёгкай. Скончылася перамогай амаль двухсотгадовая вайна, заходняя мяжа на стагодзьдзі стала самай спакойнай. Праз сто гадоў Тэўтонскі ордэн прызнае сваю васальную залежнасьць ад Польскага Каралеўства, а Лівонскі ордэн стане галоўным экнамічным партнёрам Княства, ягоная сталіца Рыга - гандлёвай брамай для Беларусі ў Заходнюю Эўропу.

Адносны супакой, які панаваў у Вялікім Княстве ў сярэдзіне XV стагодзьдзя, а таксама шчыльны кантакт з Заходняй Эўропай перамяніў ваяўнічых беларускіх баяраў у шляхту, якая ўсё больш займалася арганізацыяй сваіх гаспадарак і пачынала сур'ёзна задумвацца аб сваіх правах. Грамата вялікага князя Казіміра ад 1447 году аб праве свабоднага выезду за мяжу на вучобу ва унівэрсытэты і "для лепшаго счасьтя набытья" дазволіла дзесяткам і сотням ураджэнцаў Беларусі атрымліваць вышэйшую адукацыю ў навучальных установах Кракава, Прагі, Вены, Падуі, Балёньі. Толькі на пераломе XV-XVI стагодзьдзяў у Кракаўскім унівэрсытэце вучылася 140 студэнтаў-ліцьвінаў, сярод якіх быў і славуты Франьцішак Скарына з Полацку.

Усьлед за іншымі эўрапейскімі краінамі шляхта Вялікага Княства пачала абмяжоўваць уладу манарха. У 1492 годзе вялікі князь Аляксандар выдаў прывілей, паводле якога "гаспадар" быў абавязаны весьці дыпляматычныя зносіны зь іншымі краінамі толькі па ўзгадненьню з панамі раднымі, у справах унутраных нічога не адмяняць з таго, што было вырашана разам з радаю, бяз згоды яе членаў не рабіць прызначэньні на дзяржаўныя пасады ці зьмяшчэньні зь іх, распараджацца фінансамі толькі пад кантролем рады. Такім чынам дзяржаўную кампэтэнцыю гаспадарскай рады Вялікага Княства Літоўскага можна параўнаць з кампэтэнцыяй сучаснага парляманту. Гэта была даволі прадстаўнічая структура, у якую ўваходзілі каталіцкія біскупы, ваяводы і кашталяны віленскі і троцкі, канцлер, гетман, скарбнік, маршалкі і іншыя прадстаўнікі дзяржаўнага апарату Княства, разам каля 50 чалавек.

У канцы XV стагодзьдзя аформіўся яшчэ адзін прадстаўнічы ворган дзяржаўнай улады - сойм, у склад якога ўваходзілі паны-радныя, прадстаўнікі вялікакняскай адміністрацыі і шляхта з усёй краіны. Спачатку ўся шляхта запрашалася на сойм, але пасьля было ўведзена прадстаўніцтва - два дэпутаты ад павету, хоць ніякаму шляхцічу не адмаўлялася права на асабістую прысутнасьць на сойме.

Вялікае Княства Літоўскае ніколі не было жорстка цэнтралізаванай дзяржавай. Асновай яго заўсёды была дамова паміж вялікім князем і канкрэтнай зямлёй. Так у Полацку і Віцебску вялікі князь ня меў права асабіста прызначаць ваяводу бяз згоды земскага сойму - сходу прадстаўнікоў шляхты ваяводзтва. Большасьць беларускіх гарадоў карысталіся магдэбурскім правам, гэта значыць правам на самакіраваньне, якое вызваляла горад ад суду і ўлады вялікакняскіх ваяводаў.

Беларусь уваходзіла ў XVI стагодзьдзе як эўрапейская дзяржава, якая жыла тымі самымі прынцыпамі, што і рэшта Эўропы. Але на ўсходзе паднімаліся чорныя хмары. Маскоўская дзяржава, падпарадкаваўшы сабе апошніх канкурэнтаў, Вялікі Ноўгарад і Цьвер, усутыч падыйшла да межаў Вялікага Княства Літоўскага. Пасваячыўшыся праз шлюб з Палеолагамі, дынастыяй Бізантыйскай імпэрыі, якая перастала існаваць пад ударамі туркаў, маскоўскі князь Іван III пераняў герб Бізантыі (дзьвюхгаловы арол), і яе палітычную дактрыну, абвесьціўшы Маскву трэцім Рымам, а сябе - "гасударом усяе Русі". Іван ІІІ так фармулюе сваю пазыцыю: "Ано не то адно наша отчіна, коі городы і волості і ныне за намі, і вся Руськая земля, Кіев і Смоленск і іные городы ... с Божьею волею із старіны, от нашіх прародітелей наша отчізна". І гэта не былі толькі словы. Ад 1492 году усходняя мяжа становіцца самай неспакойнай мяжой Княства. Адна за другою пяць войнаў з Масквою спусташалі ўсходнюю Беларусь. Вялікае Княства страціла Вязьму, Смаленск, Чарнігаў, Бранск. Аднак 8 верасьня 1514 году пад Воршаю 30-тысячнае беларускае войска, ведзенае гетманам Канстанцінам Астроскім, зьнішчыла 80-тысячную маскоўскую армію і на нейкі час спыніла агрэсію.

Як і ў-ва ўсёй Эўропе, на Беларусі на пачатку XVI стагодзьдзя царква і рэлігія зьяўляліся адным з неабходных элемэнтаў жыцьця грамадзтва. Будынак праваслаўнай царквы або каталіцкага касьцёла быў мейсцам, дзе людзей хрысьцілі, хавалі, дзе яны зьбіраліся ў нядзелі і сьвяты. Царкоўныя званы рэгулявалі жыцьцё навакольных паселішчаў, папярэджвалі аб небясьпецы. Аднак, хаця хрысьціянства не было навіною ў краіне, большая частка сялянаў, а таксама месьцічаў і шляхты характарызавалася хутчэй рэлігійнай абыякавасьцю, чым гарачай пабожнасьцю, молячыся і ў царкве, і старым паганскім багам. Праваслаўная царква ўвайшла ў новае стагодзьдзе яўна ня могучы даць адказ на выклік часу. Духоўны ўзровень сьвятароў хутчэй адпіхваў людзей ад веры, чым прыцягваў да яе. "У нас яшчэ чытаюць старасьвецкія саборнікі, чытаюць пралогі, але іх ужо не разумеюць ні той, хто чытае, ні той, хто слухае", - прызнаваўся адзін з рэлігійных дзеячоў таго часу.

Дакуманты ў адзін голас сьведчаць пра недастойнае жыцьцё духавенства: "Аще-лі кто вопрашает іх о кнігах, то отвещают глаголющее: убозі есьмы, не имамы чым кніг стяжаті. Ходят-же не яко убозі, но різы носяще светлы і блещащеся, расшіряюще воскрылья, шеі же яко у тельцов, на заколеніе упітанных". Князь Канстанцін Астроскі, сын знакамітага ваяводы, з абурэньнем пісаў да тураўскіх сьвятароў: "Вы не захоўваеце прыстойнасьці згодна сана свайго ... ходзячы па корчмах, піцьцё бязь меры ўжываеце". Не нашмат лепшай была сытуацыя і ў каталіцкай царкве. Шляхта паўсюдна наракала на немаральныя паводзіны сьвятароў і іх неадукаванасьць. Гучным стаўся выпадак, калі адзін зь біскупаў заблытаўся і ня змог назваць падставовыя праўды веры. Жыгімонт Аўгуст, малады вялікі князь літоўскі, пісаў у 1547 г. да кракаўскага біскупа: "Яшчэ вельмі сьвежыя ў гэтым нашым Вялікім Княстве павевы хрысьціянскай веры. Бо тут, па-за Вільняй, цёмны неадукаваны народ аддае чэсьць боскую (ня кажучы ўжо пра іншыя забабоны) гаям, дубам, ліпам, ручаям, валунам, вужам, і прыносяць ім ахвяры, як супольныя, так і прыватныя".

Сапраўды, павевы хрысьціянства нават на пачатку XVI стагодзьдзя былі вельмі слабымі ў нашай краіне. Хоць праваслаўная царква была прысутнай на Беларусі ад часоў Рагнеды, яна ахапіла сваім уплывам толькі частку насельніцтва. Адначасова зь ёю ў гарадах дзейнічалі каталіцкія асяродкі. Але яшчэ ў канцы XIV стагодзьдзя Вялікае Княства заставалася адзінай нехрысьціянскай дзяржавай у Эўропе.

У 1413 г. Беларусь наведаў Геранім Праскі, сябра і паплечнік Яна Гуса. На працягу некалькіх месяцаў ён зьбіраў вялікія грамады слухачоў у Вільні, Полацку, Віцебску, іншых гарадах, прапаведуючы ім Слова Божае, заклікаючы жыць па веры. Неўзабаве з Чэхіі ў Вільню прыбыла дэлегацыя, запрашаючы вялікага князя літоўскага стаць чэскім каралём і падтрымаць гусітаў у іх барацьбе за рэформу царквы. Вітаўт прыхільна прыняў пасланцоў і абяцаў дапамогу. У 1420 годзе пяцітысячнае беларускае войска на чале з Жыгімонтам Карыбутавічам увайшло ў Чэхію, здабыло замак Нэйстау і абвясьціла ўладу Вітаўта ў Чэскім Каралеўстве. На працягу сямі гадоў ліцьвіны і чэхі разам змагаліся за права жыць паводле Эвангельля, адбіваючы крыжовыя паходы нямецкіх імпэратараў.

Калі ваяры Карыбутавіча вярнуліся на Беларусь, многія зь іх, прыняўшы ў Чэхіі ідэі Яна Гуса, пачалі распаўсюджаваць іх у сябе на радзіме. Пазьней да іх далучыліся тыя, хто атрымліваў адукацыю ў Праскім унівэрсытэце. Такім чынам, пасьлядоўнікі Яна Гуса прапаведвалі на Беларусі, пачынаючы з часоў Гераніма Праскага. Недзе каля 1490 году папа рымскі Сыкст IV усталяваў інквізыцыю ў Вялікім Княстве Літоўскім, надаючы ёй права далучэньня да каталіцкай царквы герэтыкоў і схізматыкаў. Пад схізматыкамі тут разумеліся праваслаўныя, а пад герэтыкамі - гусіты, бо іншага руху, "герэтычнага" у вачах рымскай царквы, у Беларусі ў той час не існавала. На самым пачатку Рэфармацыі ў Беларусі мы бачым вызнаньне чэскіх братоў, якое спачатку аддзялялася ад іншых рэфарматараў, але хутка злучылася з вызнаўцамі кальвінізму.

Аднак сапраўдным пачаткам Рэфармацыі для Беларусі стала выданьне доктарам Франьцішкам Скарынаю з Полацку перакладу Бібліі на тагачасную беларускую літаратурную мову. У той самы год, калі ў Вітэнбэргу Марцін Лютар абвесьціў 95 тэзісаў супраць індульгенцыяў, у Празе доктар лекарскіх навук пачаў друкаваць асобныя кнігі Старога Запавету. У прадмовах Скарына пісаў: "Прото я, Францішек, Скорынін сын с Полацька, в лекарьскых науках доктор, разумея сее, іже без страху Божія, без мудрості і без добрых обычаев не ест мощно почстіве жіті людем посполіте на землі, казал есмі тіснуті Прытчі ілі Прысловія...рускія языком напред ко чті і к похвале Створітелю, Спасітелю, Утешітелю Богу в Троіце едіному, ... потом людем простым абы, научывшыся мудрості, добре жівучы на свете, мілостівого Бога хвалілі, по тому яко же прілежыть на велікую высокость і велеможность імені Его святого". У той час "рускім языком" называлася старабеларуская мова, у адрозьненьні ад царкоўнаславянскай, званай "словенской".

Беларуская Біблія, выдадзеная Скарынам, значна апярэдзіла падобныя выданьні ў суседніх народаў, стаўшы другой пасьля чэскай друкаванай Бібліяй у славянскім сьвеце.

Што гэта значыла для Беларусі, яскрава сьведчыць такі прыклад. У Санкт-Пецярбургу, у бібліятэцы Акадэміі навук, захоўваецца ўнікальны, шыкоўна аздоблены помнік кніжнага мастацтва Беларусі пачатку XVI стагодзьдзя - Біблія на царкоўнаславянскай мове. Яе перапісваў адзін чалавек - Мацей з Тарапца, званы Дзесятым, на працягу пяці гадоў: пачаў у 1502 годзе ў Вільні, а скончыў у 1507 годзе ў Супрасьлі. Кніжны фаліянт Мацея Дзесятага па аб'ёму тэксту крыху пераўзыходзіць 23 кнігі Бібліі, выдадзеныя на працягу 1517-1519 гадоў у Празе беларускім першадрукаром. І хоць Скарына працаваў не адзін, калі ўлічыць тэхнічныя цяжкасьці пры падрыхтоўцы і выпуску кніг друкарскім спосабам, яго Біблію па выдатках чалавечае працы магчыма параўнаць з рукапіснай Бібліяй 1507 году. Прыблізна за такі самы час, калі Мацей Дзесяты перапісваў адну кнігу, Скарына змог падрыхтаваць да друку і выдаць некалькі сотняў камплектаў Бібліі. Паколькі наклад Скарынавых выданьняў сягаў паўтысячы асобнікаў, агулам за два з паловай гады зь ягонай друкарні ў Празе выйшла звыш 10 тысячаў кнігаў. Такую бібліятэку не змаглі б адолець сто перапісчыкаў і за дзесяць гадоў.

Скарына даў свайму народу Біблію на зразумелай мове, задавальняючы ў пэўнай меры кніжны голад, які існаваў тады ў Вялікім Княстве, ды і ў-ва ўсёй Усходняй Эўропе. Захавалася перапіска паміж пісарам вялікага князя літоўскага Якубам і маскоўскім дойлідам Ярмолічам, якія жылі напрыканцы XV ст. Якуб прасіў свайго маскоўскага прыяцеля прыдбаць для яго Пасланьні апостала Паўла, на што той даў адказ, што патрэбных кнігаў купіць гатовымі ён ня змог, і абяцаў замовіць іх у "дабрапісцаў". Калі нават вялікакняскі пісар адчуваў дэфіцыт кнігаў і шукаў іх за мяжою, то набыць Біблію шляхцічу ці месьцічу было яшчэ цяжэй.

У такіх умовах ужо толькі друкаваньне Бібліі само па сабе было рэфарматарскім крокам. Сучаснік Скарыны, каталіцкі кардынал Гозі, аднойчы сказаў: "Дазволіць народу чытаць Біблію - значыць даваць сьвятыню сабакам і кідаць пэрлы перад сьвіньнямі". Пазыцыі прыхільнікаў Рэфармацыі і яе ворагаў у гэтым пытаньні кардынальна розьніліся.

Але Скарына ня толькі імкнуўся зрабіць Біблію больш даступнай, ён прагнуў зрабіць яе як мага больш зразумелай чытачу. Палачанін сьцьвярджаў неабходнасьць асабістых адносінаў чалавека з Богам, адмаўляў патрэбу ў "пасярэдніках" паміж Словам Божым і веручым, акцэнтаваў увагу на вывучэньні Бібліі і жыцьці згодна са Словам Божым, "понеже не толіко докторове і люді вченыі в ніх разумеють, но всякій человек простый і посполітый, чтучы іх ілі слухаючы, можеть поразуметі, что ест потребно к душному спасенію его".

Менавіта на людзей простых і паспалітых зарыентаваныя прадмовы Скарыны перад кожнай з кнігаў. У гэтых прадмовах доктар Франьцішак даваў разнастайныя зьвесткі па гісторыі, геаграфіі, культуры, асабліва што тычылася народаў Блізкага Усходу. Найчасьцей свае прадмовы рэфарматар пачынаў з тлумачэньня назвы кнігі і далей сьцісла выкладаў яе зьмест: "Сія кніга Есфер называется еврейскім языком Мьгіля, то ест лісты ілі грамоты, пішеть в ней найболей о том, яко Аман побрал лісты от царя Асвера на побітіе всех іудеев, і теже яко царіца Есфер выбавіла іх от побітія і выпросіла от царя лісты протівные".

Апрача прадмоваў, перад кожным разьдзелам Бібліі быў надрукаваны так званы аргумант - кароткі зьмест разьдзелу. Імкнучыся, як і іншыя дзеячы Рэфармацыі, навучыць чытачоў разумець Біблію, Скарына даваў на палях тлумачэньне незразумелых царкоўнаславянскіх ці грэцкіх словаў, а таксама параметры месцаў у Бібліі, дзе гаворыцца пра нешта падобнае: "Так же будь ведома, положіл есмі некоторые на стороніцах в сей Псалтырі главы з розных кніг, а то для того, абы знакоміто было іже всі іные светые пісма згожаються с Псалтырею і одно на другое светчыть. А то, чтучы в тых кнігах, іже суть главы на боцех опісаны, знайдете. Так же положіл есмі на боцех некоторыі слова для людей простых, не рушаючы самое Псалтырі ні в чем же, яко суть онагрі і геродеево жыліще і хлябіе, і іные слова, которыі суть в Псалтырі неразумныі простым людем, найдуть іх на боцех рускім языком, что которое слово знаменуеть. Теже розделіл есмі всі псалмы на стіхі по тому, яко ся в ыных языцех деліть".

Нават памеры Скарынавых выданьняў сьведчаць, што рэфарматар друкаваў Біблію для штодзённага чытаньня людзей паспалітых, а не для літургічных мэтаў. Калі напрастольныя Эвангельлі ў той час рабіліся "ў аркуш", то кнігі Скарыны былі надрукаваны "ў чацьвёрку", г. зн. у чатыры разы меньшыя, а то і "ў васьмёрку", што рабіла іх зручнейшымі ў карыстаньні.

Нягледзячы на стрыманую, а часта адкрыта варожую пазыцыю праваслаўнага духавенства, Скарынавы пераклады шырока разыйшліся па ўсяму Вялікаму Княству, даючы магчымасьць сотням і тысячам ліцьвінаў зразумець Слова Божае. Скарына сваёю дзейнасьцю падрыхтаваў зьмены ў сьвядомасьці і характары мысьленьня сваіх суайчыньнікаў, заклаў асновы ўздыму Рэфармацыі на Беларусі ў сярэдзіне XVI ст. Праз сто гадоў уніяцкі архімандрыт Сялява, зьвяртаючыся да праваслаўных, пісаў літаральна наступнае: "Перад вуніяй (Берасьцейскай 1596 г.) быў Скарына, герэтык гусіт, каторы для вас друкаваў у Празе кнігі па-руску". Дарэчы, гэта адзіная ўзгадка ў дакумантах той эпохі, у якой гаворыцца пра веравызнаньне Скарыны.

На працягу доўгіх гадоў сярод навукоўцаў не сьціхаюць спрэчкі пра тое, кім быў па веравызнаньню Франьцішак Скарына з Полацку, католікам ці праваслаўным, хоць аргумантацыя аднога і другога боку базуецца толькі на ўскосных довадах. Сам Скарына нідзе ў сваіх творах не ўжываў словаў "каталіцкі" або "праваслаўны", ён заўсёды гаварыў пра хрысьціянства. А ўсе крыніцы XVI ст., якія нешта гавораць пра Скарыну, сьведчаць аб вялікай рэфарматарскай дзейнасьці беларускага першадрукара, нездарма Сялява называе яго "герэтыкам гусітам". Калі ў місыйным запале Скарына павёз свой пераклад Бібліі ў Маскву, усе кнігі па загаду маскоўскага цара былі спалены, бо праваслаўныя багасловы заявілі пра ўплыў ідэяў Лютара на Скарынавы выданьні. Празь некалькі дзесяткаў гадоў князь Андрэй Курбскі, які ўцёк ад Івана Жахлівага ў Вялікае Княства, рэзка крытыкаваў у сваім лісьце да Рыгора Хадкевіча, вялікага гетмана літоўскага, пераклад Скарыны, вінавацячы палачаніна ў "злачыннай сувязі" з Рэфармацыяй, у скажэньні праваслаўнай веры і герэтычным мысьленьні. Ён сьцьвярджаў, што Біблія Скарыны "растленна", пярэчыць "всем апостальскім і святым уставам", і ў-ва ўсім згодная зь Бібліяй Марціна Лютара.

У 1530 г. вялікі князь літоўскі Жыгімонт Стары ў Вільні абвесьціў першы дэкрэт супраць "лютаранаў і анабаптыстаў", у якім забараняў пропаведзь антыкаталіцкіх поглядаў ня толькі публічна, але і ў прыватных размовах, а таксама распаўсюджваньне кнігаў падобнага зьместу. Гэты дакумант не называе ніякіх прозьвішчаў, але пасьля абвяшчэньня дэкрэту Франьцішак Скарына выехаў зь Вільні ў Каралявец да Альбрэхта Гогенцольлерна, які ўжо аб'явіў лютаранства веравызнаньнем сваёй дзяржавы. Празь некалькі месяцаў мы зноў бачым Скарыну ў Вільні, але зь лістамі ад прускага герцага да віленскага ваяводы і віленскага магістрату, у якіх герцаг Альбрэхт просіць не чыніць крыўды доктару Франьцішку з Полацку. Усе гэтыя факты яскрава паказваюць, што адным з тых "лютаранаў і анабаптыстаў", супраць якіх быў скіраваны вялікакняскі дэкрэт, быў і беларускі першадрукар Франьцішак Скарына.

Уся дзейнасьць Скарыны - гэта перш за ўсё рэфарматарская дзейнасьць, накіраваная на аднаўленьне асабістых адносінаў чалавека з Богам. Усе прадмовы першадрукара прасякнуты ідэямі Рэфармацыі, прагненьнем вярнуць хрысьціянаў да першакрыніцы - Бібліі. І таму абсалютна справядліва мы можам назваць Франьцішка Скарыну адным зь першых дзеячоў Рэфармацыі ў Вялікім Княстве Літоўскім, распачынальнікам беларускай Рэфармацыі.

У сваім жаданьні вярнуць хрысьціянству эвангельскае аблічча, Скарына ня быў самотны. Ужо ў 1525 г. манах франьцішканін Станіслаў Рапегелан у Вільні прапаведваў вучэньне Марціна Лютара. У хуткім часе ён выехаў у Вітэнбэрг, доўгі час быў вучнем самога Лютара і атрымаў ад яго ступень доктара тэалёгіі, а пасьля вярнуўся на Беларусь далей прапаведваць ідэі рэформы.

Рэфармацыя пачала жыва цікавіць месьцічаў і шляхту, многія зь якіх пазнаёміліся зь ёю пад час паездак за мяжу. Гэтаму ня змог зашкодзіць ні ўжо ўзгаданы вялікакняскі дэкрэт у 1530 г., ні наступны падобны дакумант у 1538 г. У 1539 г. пры падтрымцы троцкага ваяводы Гаштоўта магістар вызваленых навук Юры з Эйшышак спрабаваў заснаваць у Вільні лютаранскую школу, але гэта яму забараніла капітула (рада каталіцкіх сьвятароў). Але ў тым жа 1539 г. іншы выпускнік Вітэнбэрскага унівэрсытэту, Абрагам Кульва, адкрыў школу, у якой вучыліся больш за 60 вучняў, перад усім дзеці магнатаў і шляхты. Апрача таго, ён прапаведваў ідэі Лютара ў віленскім касьцёле сьвятой Ганны. Дзейнасьць Кульвы настолькі пашырыла эвангельскае вучэньне сярод жыхароў Вільні, што віленскі біскуп Павал Гальшанскі быў вымушаны зьвярнуцца да Жыгімонта Старога з просьбай пра дапомогу ў спыненьні распаўсюджваньня "сэктанцтва". У 1542 г. у новым дэкрэце кароль і вялікі князь загадаў Кульве вырачыся сваіх поглядаў, а таксама пагражаў кожнаму шляхцічу пазбаўленьнем шляхецкай годнасьці і канфіскацыяй маёмасьці ў выпадку, калі той будзе вызнаваць вучэньне Лютара, забараняў скіроўваць моладзь на вучобу ў Нямеччыну і запрашаць немцаў у якасьці выхавацеляў і настаўнікаў. Аднак ніякія дэкрэты і рэпрэсіі не маглі спыніць духоўнае аднаўленьне, і ўжо ў наступным годзе быў адменены закон, забараняўшы вучобу ў нямецкіх унівэрсытэтах.

<далей> <зьмест>



Беларуская вэрсія
English version
Русская версия

Новы Запавет і Псальмы (1931)
Станіслаў Акіньчыц. Залаты Век Беларусі
Катэхізіс. Нясьвіж, 1562
'Спадчына', 2003, №1
Навуковая канферэнцыя 'Рэфармацыя і Залаты Век Беларусі', 2003 г.
Пратэстанцкая царква і беларускі нацыянальны рух

Галоўная - Гісторыя - Ідэі - Асобы - Дакумэнты - Даты - 1553-2003 - Фотагалерэя


Агульныя пытаньні: