|
Вялікія пэрспэктывы і вялікія занядбаньні (працяг)
Падтрымка з боку караля надавала езуітам адвагі ў іх змаганьні з Рэфармацыяй, але адкрыта супрацьстаяць эвангельскаму хрысьціянству ў іх не было сілы. Асноўная заканадаўчая і выканаўчая ўлада была ў руках кальвіністаў, вялікага гетмана Мікалая Радзівіла Рудога і канцлера Астафея Валовіча. Краіна жыла прынцыпамі Рэфармацыі, і гэта было відочна на кожным кроку. "Шляхта не саромееца трымаць шынкі, займацца гандлем, ліхвярствам і іншымі нізкімі справамі, толькі б яны служылі абагачэньню і прыносілі прыбытак", - пісаў Андрэй Волан, кальвінскі прапаведнік, аўтар шматлікіх трактатаў на грамадзка-палітычныя тэмы. Да нашых дзён дайшлі запіскі Фёдара Еўлашоўскага, дробнага шляхціча зь Ляхавічаў, у якіх ён распавядае пра сваё жыцьцё і пра жыцьцё Княства ў другой палове XVI стагодзьдзя. У 1566 годзе дваццацігадовы Еўлашоўскі прыехаў у Вільню і дзеля цікавасьці зайшоў у кальвінскі збор. Акурат тады прапаведвалі "міністры учоные Вендрагоўскі і Касьцініюс", і малады чалавек, атрымаўшы ад гэтай пропаведзі "велікую утеху", прымае кальвінскае веравызнаньне. Эвангельскае вучэньне аб волі Божай для кожнага чалавека, прапаведванае кальвінскімі міністрамі, скіроўвала чалавека на тое, каб ён рэалізаваў сваё прызначэньне ў грамадзкім жыцьці, бізнэсе, сваёй прафэсіі, абвяшчала прынцыпы працавітасьці, дабрасумленнасьці, ашчаднасьці, прадпрыймальнасьці. Фёдар Еўлашоўскі сур'ёзна прыняў Слова Божае і пачаў жыць згодна з гэтым. Неўзабаве, дзякуючы сваёй працавітасьці і стараннасьці, ён назапасіў немалое багацьце і, пачынаючы зь сярэдзіны 70-х гадоў XVI стагодзьдзя, як бачна з дакумантаў, пазычаў вялікія сумы (па некалькі тысячаў коп літоўскіх грошаў) гатоўкаю некаторым магнатам. У той час за дзьве капы можна было набыць каня, а 60 коп каштаваў каменны дом у цэнтры Менску (капа раўнялася 60 грошам). Пытаньні эканомікі цікавілі і палітыкаў, і паэтаў. Менскі ваявода Ян Абрамовіч, адзін зь лідараў рэфармацыйнага руху ў Княстве, напісаў кнігу "Погляды ліцьвіна на танную куплю і даражэйшы продаж збожжа", у якой тлумачыў неабходнасьць свабоды гандлю ў дзяржаве. Яго сучасьнік, філёзаф і паэт Язэп Даманеўскі ў сваіх творах паказваў працу, актыўную жыцьцёвую пазыцыю як крыніцу шчасьця чалавека, а гультайства і бязьдзейснасьць як прычыну нешчасьлівага жыцьця, абгрунтоўваючы гэта прыкладамі зь Бібліі. Даманеўскі сьцьвярджаў, што праца павінна быць прадукцыйная і грамадзка карысная і што яна ня можа зьняважыць шляхецкай годнасьці. Як прыклад таго, што надае гонар працаўніку, паэт паказваў рамяство, гандаль і сельскую гаспадарку. Такая пазыцыя грамадзтва не магла не спрыяць хуткаму разьвіцьцю эканомікі краіны.
Ня меншы ўздым перажывала і юрыдычная думка Вялікага Княства. Прынцыпы свабоды асобы, свабоды слова і сумленьня адлюстроўваюць юрыдычныя дакуманты таго часу, публіцыстыка і багаслоўскія трактаты. Ужо ўзгаданы Андрэй Волан у сваім творы "Аб палітычнай або грамадзянскай свабодзе" пісаў: "Ніхто з разумных людзей не сумняецца ў тым, што свабода больш за ўсё адпавядае чалавечай прыродзе, і ніхто, такім чынам, не нараджаецца рабом... Першы і галоўны крытэр нашай свабоды заключаецца ў тым, каб нашае жыцьцё было свабоднае ад усякага замаху на яго і несправядлівасьці. Далей, каб нашая маёмасьць і багацьце не ставаліся ахвяраю якога рабаваньня ці гвалту". Тут будзе дарэчы ўзгадаць канцлера Вялікага Княства Астафея Валовіча, паплечніка Мікалая Радзівіла Чорнага ў правядзеньні зямельнай рэформы, арганізатара працы і рэдактара Другога (1566 г.) і Трэцяга (1588 г.) Статутаў Вялікага Княства Літоўскага. Гэтыя зборнікі законаў зьяўляюцца сапраўднымі шэдэўрамі беларускай юрыдычнай думкі. Статут 1588 году лічыцца найлепшым і найдасканалейшым юрыдычным кодэксам у Эўропе XVI стагодзьдзя. Нават праз два стагодзьдзі пасьля прыняцьця ён па-ранейшаму ўважаўся за найвыдатнейшы эўрапейскі збор законаў. Пасьля захопу Беларусі Расейскай імпэрыяй яшчэ амаль 50 гадоў нашая краіна жыла паводле Статуту 1588 году, а не паводле расейскага заканадаўства. Статут абвяшчаў ідэю праўнай дзяржавы, у якой "естесмо невольнікамі прав для того, абысьмы вольності ужываті моглі", замацоўваў падзел судовай і выканаўчай улады, ліквідаваў судовыя прывілеі магнатаў, сьцьвярджаў прынцыпы свабоды сумленьня і роўнасьць усіх перад законам. Акрамя таго Статут замацоўваў тагачасную беларускую мову ў якасьці дзяржаўнай, ды і сам быў напісаны па-беларуску, каб кожны жыхар Вялікага Княства мог ведаць свае правы. Астафей Валовіч, будучы глыбока веручым чалавекам, на працягу свайго жыцьця засноўваў цэрквы, шпіталі, школы, актыўна ўдзельнічаў у жыцьці эвангельска-рэфармаванага Задзіночаньня ў Вялікім Княстве. На сваёй "сьмяротнай пасьцелі" ў Горадні канцлер запаведаў пахаваць сябе ў мураваным склепе пад кальвінскім зборам у Сідры (Гарадзенскі павет) без усялякіх цырымоніяў, "кгды там не на войну отхожу", а "во всіх іменіях моіх невольнік, ані жадный дедечным правом зневоленый человек, хотя бы вязнем і должніком зостал, маеть вольно служіті і проч іті".
Недзе каля 1580 году Васіль Цяпінскі, муж пляменьніцы Астафея Валовіча князёўны Соф'і Жыжэмскай, сябра і паплечнік Сымона Буднага, выдаў пераклад Эвангельляў на беларускую мову, кажучы: "Рады паказаць маю веру, якую маю, асабліва народу свайму рускаму". Друкуючы беларускі пераклад Эвангельляў, асьветнік і рэфарматар спадзяваўся ўзьняць хрысьціянскую духоўнасьць у грамадзтве, "ня толькі для лепшае іх веры, але таксама для лепшага разуменьня, і ў дадатак, для іх саміх навучаньня". Гаворачы пра неабходнасьць разуменьня Слова Божага, Васіль Цяпінскі зьвяртаў асаблівую ўвагу на разьвіцьцё і ўдасканаленьне школьнай справы, выступаў як гарачы патрыёт сваёй краіны, заклікаючы не занядбоўваць родную мову, асабліва ў пропаведзі Слова Божага.
Калі глядзець на 70-80-ыя гады XVI стагодзьдзя, можна сказаць, што Вялікае Княства дыхала Рэфармацыяй. Нават праваслаўная царква не магла пазьбегнуць гэтага ўплыву. У гэты час у беларускіх гарадах пачалі актыўна дзейнічаць брацтвы, якія аб'ядноўвалі месьцічаў, шляхту і некаторых сьвятароў. Братчыкі перш за ўсе імкнуліся рэфармаваць праваслаўную царкву, спрабуючы надаць служэньню духавенства эвангельскія прынцыпы, увесьці ў царкоўнае жыцьцё пэўныя элемэнты Рэфармацыі. Берасьцейскі біскуп Пацей з абурэньнем пісаў: "Якож теперешніх часов есть іх не мало не только межы геретікамі, але і межы православнікамі нашымі, которые зле Пісьма разумеючы, іначей іх выкладают, а мало не за одно з геретікамі і з арыяны держат...Смотріж одно хто то чыніт, хто таковыя новіны спросные розсевает? Певне, не стан духовны, але люд посполітый, простый, ремесный, который покінувшый ремесло свое, дратву, ножніцы і шыло, а прылащівшы себе врад пастырскі, Пісмом Божым шырмуют, ніцуют, выворачывают і на свое блюзнерскіе і хвальшывые потравы оборачают". Спробы праваслаўнай герархіі абмежаваць дзейнасьць брацтваў, якія ўсе мацней патрабавалі паправы маральнага жыцьця духавенства і вучэньня, якое б абапіралася на Слова Божае, не давалі станоўчых вынікаў. У краіне Рэфармацыі цяжка супрацьстаяць патрабаваньням рэформы.
У сьнежні 1586 году ў Горадні раптоўна памёр кароль Рэчы Паспалітай Двух Народаў Стэфан Баторы. Краіна чарговы раз стала перад пытаньнем, хто будзе каралём. Кальвіністы Вялікага Княства, пільна гледзячы, каб падчас бескаралеўя ня быў "занядбаны і пакрыўджаны народ наш і ўсё Вялікае Княўства Літоўскае", таксама мелі надзею замацаваць яшчэ больш свае правы і, дзякуючы гэтаму, аслабіць уплыў езуітаў. Полацкі ваявода Мікалай Монвід Дарагастайскі, не чакаючы выбараў караля, загадаў, каб у Полацку ніводнага езуіта не было. Крыштаф Радзівіл Пярун, сын Мікалая Рудога, князь Аляксандар Пронскі, Ян Абрамовіч, Ян Глябовіч і іншыя магнаты кальвіністы пачалі актыўна супрацьдзейнічаць езуітам па ўсёй краіне. Здавалася, што пройдзе яшчэ трохі часу, і ўжо нішто ня зможа пагражаць Рэфармацыі ў Вялікім Княстве. Але выбары караля у 1586 годзе выявілі яшчэ адно трагічнае занядбаньне беларускіх рэфарматараў. Прыхільнікі Рэфармацыі ў Вялікім Княстве аднадушна выступалі ў абарону незалежнасьці сваей краіны, і тут не было істотна, хто быу кальвіністам, хто лютаранінам, хто арыянінам. Але ў іншых палітычных пытаньнях эвангельскія хрысьціяне ня мелі супольнай плятформы, і таму кожны вёў палітыку як хацеў і як разумеў. Таму пад час элекцыі 1587 году беларуская шляхта, пераважна кальвінская, галасавала за швэдзкага каралевіча Жыгімонта, выхаванца езуітаў, католіка з католікаў.
<далей> <зьмест>
|
|