|
Контррэфармацыя
У 1587 годзе вялікім князем літоўскім і каралём польскім быў абраны Жыгімонт Ваза, сын швэдзкага караля Яна III Вазы і Кацярыны зь Ягайлавічаў, сястры Жыгімонта Аўгуста. "Кароль Стэфан быў добры для жаўнераў, а гэты будзе добры для ксяндзоў", - сказаў свайму атачэньню папскі нунцы, даведаўшыся аб выніках выбараў. І ён ведаў, што гаварыў. Кароль Жыгімонт Ваза на працягу ўсяго свайго доўгага панаваньня ні на крок не адступіўся ад прагненьня зрабіць каталіцтва адзіным веравызнаньнем ня толькі ў Рэчы Паспалітай, але і за яе межамі. Гэтаму была падпарадкавана ўся ўнутраная і зьнешняя палітыка дзяржавы, а ўсе астатняе ня мела аніякага значэньня ў вачох манарха. Новы кароль як нічым на свеце брыдзіўся талерантнасьцю, якая была тады нормай у Рэчы Паспалітай Двух Народаў, сьведчыць адзін зь яго сучасьнікаў, і "калі б ад яго толькі залежала, не было б у гэтым каралеўстве аніводнаго схізматыка, кальвіна ці лютара". Але пры ўсім сваім ваяўнічым каталіцызме Жыгімонт Ваза пад час каранацыі быў вымушаны падпісаць генрыкаўскія артыкулы, якія абмяжоўвалі ўладу манарха і гарантавалі свабоду веравызнаньня. Рэфармацыя ў нашай краіне была вельмі моцнай, і аднаго жаданьня караля, каб яе зьнішчыць, было замала. Хоць у Польскім Каралеўстве каталіцкая царква ўжо адваявала свае пазыцыі, страчаныя ў сярэдзіне стагодзьдзя, у сэнаце Вялікага Княства па-ранейшаму падаўляючую большасьць складалі кальвіністы і лютаране, і іх голас не дазволіў Жыгімонту Вазе адкінуць артыкул аб талерантнасьці. Статут Вялікага Княства Літоўскага, падрыхтаваны перад усім эвангельскімі хрысьціянамі, у адным са сваіх артыкулаў слова ў слова паўтараў тэкст Варшаўскай канфэдэрацыі.
Хрысьціяне Вялікага Княства нейкі час цешылі сябе надзеяй, што кароль, народжаны ў лютаранскай Швэцыі, прынамсі ня будзе перашкаджаць рэфармацыйнаму руху. Рэальнасьць вельмі хутка паказала марнасьць падобных спадзяваньняў. Жыгімонт Ваза атачыў сябе езуітамі, якіх ведаў яшчэ са Стакгольму, дзе члены гэтага ордэну былі яго настаўнікамі і выхавацелямі, і адкрыта заявіў, што дзяржаўныя пасады ён будзе даваць толькі католікам. Ня мае значэньне адукацыя, здольнасьці, розум, важна толькі падзяляць праграму караля - ачысьціць Рэч Паспалітую ад усяго некаталіцкага. На дзяржаўным узроўні была аб'яўлена вайна Рэфармацыі.
Аднак прагненьні Жыгімонта Вазы так і засталіся б прагненьнямі, калі б яго ідэі былі толькі ягонымі ідэямі. На самой справе кароль Рэчы Паспалітай ня быў аўтарам сваёй палітыкі. Сапраўднымі аўтарамі, а таксама выканаўцамі палітыкі Контррэфармацыі у Рэчы Паспалітай былі езуіты. Іх нястомная, прадуманая праца дала каталіцкай царкве ў Вялікім Княстве шмат новых вернікаў. Вось як апісвае іх дзейнасьць Ю. Лукашэвіч, аўтар грунтоўнай працы "Дзеі кальвінскіх цэркваў у Літве": "Езуіты выступалі з амбонаў супраць Лютара, Кальвіна, Цвінглі, Арыя і іх пасьлядоўнікаў, выклікалі дысыдэнтаў (так называлі тады католікі эвангельскіх хрысьціянаў) на дыспуты, прамаўлялі да народу на рынках, імкнуліся здабыць магнатаў для каталіцкай царквы, не прапускалі ніводнага спосабу, каб аслабіць або зганьбіць іншаверцаў, нацкоўвалі на іх натоўп і руйнавалі ім зборы, не аглядаючыся на літоўскі Статут, які зьнішчэньне сьвятыняў усялякіх хрысьціянскіх вызнаньняў строга караў... У Вільні друкар Даніэль зь Ленчыцы, кальвін, не пераставаў выдаваць творы свайго вызнаньня. Каб гэтаму перашкодзіць, езуіты намовілі слугу ягонага, каб той скраў шрыфты, і калі ён зрабіў гэта, езуіты злачынцу ў сваім калегіюме хавалі і выдаць пацярпеламу не хацелі... Не было ў Літве закутка, дзе б яны ня мелі сваіх місыяў, асабліва пашыраючы сваё апостальства на Жамойць, Белую Русь і Наваградак. Па маёнтках, касьцёлах, пад час фэстаў, кірмашоў, пахаваньняў, усюды і заўсёды соваліся езуіты, робячы прыхільнікаў каталіцкай царкве і трапляючы праз вочы да сэрца народу, арганізоўваючы сцэнічныя відовішчы, кананізацыі сьвятых і г.д. Усё гэта было прадумана, каб падабалася натоўпу, а таксама каб прынізіць дысыдэнтаў, абрады і служыцеляў якіх не забывалі езуіты высьмейваць і ганьбіць разнастайнымі спосабамі, у сваіх палемічных творах, супраць тых скіраваных, заўсёды пераходзячы на асобы. Пра найцнатлівейшых, найадукаванейшых спаміж дысыдэнтаў пускалі у такі спосаб розныя плёткі. Так, напрыклад, Волана, які паўстрыманасьцю сваёй жыцьцё аж да 90 гадоў працягнуў, назвалі п'яніцам; пра Судровія, які ў ведах быў роўны найадукаванейшым езуітам, прыдумалі байку, што да сталага веку быў катам у Львове, што срэбны талер украў і г.д. Пастановы дысыдэнцкіх сынодаў высьмейвалі, што на іх гаворка ідзе пра авёс, дровы, куры і іншае патрэбнае для міністраў, як быццам духавенства каталіцкага вызнаньня на сваіх сходах ніколі не гаворыць пра дзесяціны і грошы. Па праўдзе, дысыдэнты адкідвалі гэтыя недарэчныя закіды, але езуіты, тысячу разоў паваленыя, тысячу разоў тое самае паўтаралі і, нарэшце, пераканалі ў гэтым народ, які пачаў пагарджаць дысыдэнцкім духавенствам, шануючы іх менш, чым п'яніцаў і жабракоў. Да таго ж езуіты ўсялякімі спосабамі прыцягвалі ў сваю Акадэмію сыноў дысыдэнтаў, і спаміж сваіх 700 вучняў мелі іх нямала, працуючы больш над іх перацягваньнем у каталіцкую царкву, чым над паглыбленьнем іх ведаў ці выхаваньнем іх справядлівымі людзьмі і добрымі грамадзянамі".
У 1589 годзе кароль Генрык IV выгнаў з Францыі езуітаў "як дэмаралізатараў моладзі, разбуральнікаў грамадзкага парадку, ворагаў караля і дзяржавы". У Рэчы Паспалітай у гэты самы час езуіты былі падтрымліваныя ўсёй моцай каралеўскага аўтарытэту. Кароль спрыяў езуітам, як толькі мог, і было відавочна, што дасягнуць у дзяржаве нейкіх высокіх пасадаў можна было толькі па іх пратэкцыі. Душы людзей тады пачалі дзіўна зьмяняцца, і то ў спосаб, адпавядаючы жаданьням асобы, якая мела права даваць староствы, ваяводзтвы, месцы ў сэнаце. Магнаты, шляхта, частка месьцічаў адзін за другім пачалі здраджваць Рэфармацыі і далучацца да каталіцкай царквы, ці то прагнучы атрымаць пасаду, ці баючыся перасьледваньняў. Назіраючы ўсе гэта, ангельскі пасол Томас Ро з горыччу адзначаў, што як сьведчыць прыклад Рэчы Паспалітай "фанабэрыя і хцівасьць шмат могуць у сьвеце".
Бачачы такія посьпехі каталіцкай царквы ў змаганьні з Рэфармацыяй, а з другога боку, ня могучы самі даць рады з эвангельскімі хрысьціянамі, якія "не по одной, але велікімі громадамі стадо Хрыстово урываючы да своее сборы плюгавое загоняють", некаторыя герархі праваслаўнай царквы на Беларусі і Украіне зьвярнуліся да папы рымскага з просьбаю аб заключэньні уніі паміж праваслаўнай і каталіцкай цэрквамі ў Рэчы Паспалітай. Прычыны такога кроку вельмі ясна выкладзеныя ў праграмным дакуманце уніі - Грамаце ад 2 сьнежня 1594 году: "А найболее таму, што ў цяперашнія няшчасныя часы сярод людзей памножылася нямала размаітых ерасяў. Шмат хто, адступаючы ад хрысьціянскай праваслаўнай веры, бяжыць ад нашага закону і Божай царквы, выракаецца сапраўднае хвалы Бога, адзінага ў Тройцы". Папа рымскі Клімент VIII з радасьцю ўспрыняў выступленьне праваслаўнай царквы Вялікага Княства супраць супольнага ворага - рэфармацыйнага руху, і ў 1596 годзе ў Берасьці была заключаная унія між праваслаўнай і каталіцкай цэрквамі.
Заключэньне Берасьцейскае уніі стала яшчэ адным посьпехам Контррэфармацыі ў Вялікім Княстве. Зь вялікай хуткасьцю краіна, як і 50 гадоў таму, мяняла сваё аблічча. Магнаты, уплывовыя і руплівыя вызнаўцы эвангельскай веры, паміралі адзін за другім, саступаючы свае месцы ў сэнаце католікам, выхаванцам езуітаў, якім Жыгімонт Ваза даваў найвышэйшыя пасады ў дзяржаве. Канец XVI - пачатак XVII стагодзьдзяў - гэта час зьмены пакаленьняў у Вялікім Княстве. Адыходзіла ў вечнасьць пакаленьне Рэфармацыі, людзі, якія прынялі Слова Божае ў сваё жыцьцё, жылі гэтым Словам і зьмянілі краіну, закладаючы падваліны Божага блаславенства для сваёй Бацькаўшчыны. Іх дзеці не пайшлі сьледам за бацькамі, зрабілі іншы выбар. Калі паглядзець біяграфіі розных дзяржаўныхі дзеячоў Вялікага Княства таго часу, кідаецца ў вочы, што амаль усе яны былі кальвіністамі ці лютаранамі, вучыліся ў рэфармацкіх школах, ва унівэрсытэтах Караляўца, Вітэнбэрга, Ляйпцыга, але пачынаючы зь 90-ых гадоў XVI стагодзьдзя ў іх жыцьці адбыліся рэзкія зьмены сьветапогляду, і мы ўжо бачым іх альбо католікамі, альбо уніятамі.
Чаму гэта адбылося? Чаму Рэфармацыя, так хутка і так паўсюдна ахапіўшая Вялікае Княства, пачала імкліва губляць пазыцыі? Можна выказваць розныя меркаваньні, але нават не праводзячы спэцыяльных дасьледваньняў магчыма назваць асноўныя прычыны падобнай сытуацыі. Па-першае, войны з Маскоўскай дзяржавай аслабілі Вялікае Княства і прымусілі шукаць больш цеснага саюзу з Польскім Каралеўствам, адкрываючыся такім чынам на ўсялякія ўплывы свайго саюзьніка. Перамога Контррэфармацыі ў Польшчы прадвызначыла падобныя працэсы і ў Вялікім Княстве. Другой, ня менш важнай прычынай адступленьня Рэфармацыі была несалідарнасьць рэфарматараў. Багаслоўскія канфлікты разьдзялялі эвангельскіх хрысьціянаў, якія часта лічылі важнейшым давесьці, што іншыя рэфарматары памыляюцца, чым у адзінстве выступаць супраць агульнага праціўніка. Акрамя таго ў грамадзкіх і палітычных пытаньнях эвангельскія хрысьціяне, у адрозьненьні ад іхніх братоў па веры ў іншых краінах Эўропы, не выступалі адзіным фронтам, і таму часта не маглі абараніць свае правы або дамагчыся выгаднага для сябе рашэньня ці разьвіцьця падзеяў. Такая нязгода між прыхільнікамі Рэфармацыі кантраставала з багаслоўскім і арганізацыйным адзінствам, якое дэманстравала каталіцкая царква і якое імпанавала шляхце. Яшчэ адной прычынай перамогі Контррэфармацыі ў Вялікім Княстве стала малая ўвага, якую ў апошнія дзесяцігодзьдзі XVI стагодзьдзя рэфарматары надавалі сваім служыцелям. Адукаваныя, сусьветна вядомыя міністры, такія як Волан, Судровій, Ласіцкі, не пакінулі пасьля сябе настолькі ж адукаваных і руплівых настаўнікаў. Езуіцкая прапаганда выстаўляла эвангельскіх служыцеляў нікчэмнымі людзьмі, а самім рэфарматарам не хапіла мудрасьці сур'ёзна заінвэставаць у тое, каб падняць статус міністраў свайго вызнаньня ў грамадзтве. У выніку на пачатку XVII стагодзьдзя рэфармацыйны рух адчуваў вялізарную нястачу служыцеляў, і дзесяткі збораў былі зачыненыя з-за банальнай адсутнасьці пастара. Вернікі, ня маючы духоўнай апекі з боку сваіх міністраў, лёгка знаходзілі яе з боку каталіцкіх сьвятароў і прымалі вучэньне і практыкі каталіцкай царквы.
Вялікае Княства ўсё больш адыходзіла ад біблійных прынцыпаў, і гэта выяўлялася на ўсіх узроўнях грамадзкага жыцьця. Перасьледваньні дысыдэнтаў, распачатыя ў краіне, захісталі мараль грамадзтва. Калі ты можаш рабаваць, зьбіваць, зьдзеквацца з суседа, бо ён верыць ня так, як ты, то што можа табе перашкодзіць рабіць тое самае ў адносінах да любога іншага чалавека. Імклівае падзеньне маралі стала характэрнай рысай пачатку XVII стагодзьдзя. Усё гэта выклікала крызыс палітычнай сыстэмы краіны. Дзеячы Рэфармацыі XVI стагодзьдзя, якія стварылі канстытуцыйны лад Рэчы Паспалітай Двух Народаў, маглі паўтарыць словы, сказаныя праз 200 гадоў Джэймсам Мэдысанам, адным са стваральнікаў Канстытуцыі ЗША: "Мы паставілі будучыню ўсіх нашых палітычных установаў у залежнасьць ад здольнасьці чалавецтва да самакіраваньня, ад здольнасьці ўсіх разам і кожнага з нас кіраваць самім сабою, стрымліваць сябе, кіруючыся дзесяцьцю прыказаньнямі Божымі". Калі грамадзяне краіны ў значнай сваёй частцы кіраваліся ў жыцьці Божым Словам, а не сваімі жаданьнямі, краіна разьвівалася і была прыкладам для ўсяго сьвету. Калі грамадзтва адыйшло ад Бібліі, ад Эвангельля, краіна пачала скатвацца ў хаос і бязладзьдзе. У 1573 годзе пад час першых выбараў караля на элекцыйным полі некалькі тыдняў стаяла 50 тысячаў збройнай шляхты, якая сабралася з усёй Рэчы Паспалітай, каб выбраць сабе манарха. І за гэты час ня стрэліла ніводная стрэльба, ніводзін шляхціч ня біўся на шаблях з другім. У канцы панаваньня Жыгімонта Вазы не было такога сойму ці павятовага сойміку, калі б асабістыя ці палітычныя пытаньні не вырашаліся з ужыцьцём сілы. Кароль першы даў прыклад беззаконьня сваім падданым, адкрыта парушаючы пастановы Варшаўскай канфэдэрацыі і падтрымліваючы ўсякія перасьледваньні эвангельскіх хрысьціянаў. Як зьнешняя, так і ўнутраная палітыка Рэчы Паспалітай характарызавалася тым, што ідэалёгія Контррэфармацыі была ня толькі па-над маральлю, але і па-над здаровым сэнсам. Жыгімонт Ваза, жадаючы пашырыць уладу каталіцкай царквы, распачаў вайну Рэчы Паспалітай са Швэцыяй, вайну, непатрэбную нікому, апрача Рыму. Палаючы гэтым жа жаданьнем, кароль падтрымаў маскоўскую авантуру Ілжэдзьмітрыя, ідучы насуперак волі сэнату і грамадзтва Рэчы Паспалітай. Безсэнсоўныя войны з суседзямі, рэлігійныя нецярпімасьць унутры краіны, безадказнасьць на дзяржаўным узроўні - вось вынікі караляваньня вялікага князя і караля Жыгімонта Вазы, "слугі дактрынаў", як назвалі яго сучасьнікі. Калі ў 1632 годзе Жыгімонт Ваза памёр, "увесь сойм, сэнат і народ больш занятыя былі змаганьнем са сваімі суайчыньнікамі, заражанымі герэзіямі, чым бясьпекай і цэласнасьцю Бацькаўшчыны, чым выбарамі новага валадара", - пісаў да папы рымскага канцлер каронны Ежы Асалінскі.
Залаты Век адыйшоў у гісторыю…
У сярэдзіне XVII стагодзьдзя выбухнулі бомбы, закладзеныя недальнабачнай палітыкай Жыгімонта Вазы. Украіну ахапіла казацкае паўстаньне на чале з Багданам Хмяльніцкім, Польскае Каралеўства заатакавалі швэды, а Масква кінула свае войскі на Вялікае Княства. Рэч Паспалітая, ня маючы грошаў у дзяржаўным скарбе, магла спадзявацца толькі на мужнасьць і пасьвячонасьць сваіх грамадзянаў, але панаваньне Жыгімонта Вазы, а пасьля яго сына, Уладзіслава, зрабілі тое, што гэтага акурат і не хапала. Падзеі вайны 1654-1667 гадоў былі катастрафічнымі для Вялікага Княства. Амаль уся краіна была акупаваная маскоўскім войскам, Вільня была захоплена і спалена. Брандэнбургскі пасол Лазар Кітэльман, які ў той час прыехаў да цара Аляксея ў Вільню, убачыў жахлівае відовішча: "Усе гарады і вёскі былі спаленыя; кучамі ляжалі трупы пабітага мірнага ліцьвінскага насельніцтва, таксама жанчын і дзяцей, непахаваныя і загнілыя". Маскоўская агрэсія каштавала Беларусі стратай больш чым паловы жыхароў. Кожны другі беларус загінуў у гэтай вайне, названай Патопам, на месцы гарадоў засталіся толькі попел і чорнае вугольле. Толькі на пачатку XIX стагодзьдзя колькасьць жыхароў Беларусі дасягнула ўзроўню першай паловы XVII стагодзьдзя. Вайна зьнішчыла практычна ўсё мяшчанства. Зьнік цэлы пласт рамесьнікаў, прадпрыймальнікаў, гандляроў. Калі ў Магілёве ў 1645 годзе было каля 2 тысячаў рамесьнікаў, дык у 1745 годзе іх было толькі 45. Дэмаграфічная катастрофа і эканамічны заняпад краіны суправаджаліся культурным крызысам ў грамадзтве. Магнаты і шляхта выракаліся свайго грунту - запусьцелага краю, адкінутага на стагодзьдзі назад. Усё цяжэй было гаварыць пра нейкую самастойнасьць Вялікага Княства ў складзе Рэчы Паспалітай. Усё часьцей, гаворачы пра сваё паходжаньне, беларуская арыстакратыя ўжывала словы "Gente Lithuanae, natione Polonae" (ліцьвін родам, польскай нацыі). Урэшце пастанова сойму 1696 году надала польскай мове статус дзяржаўнай у Вялікім Княстве Літоўскім.
Пачынаючы з Паўночнае вайны Расея адкрыта пачала ўмешвацца ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай. Гаспадарчы заняпад, грамадзянскі разлад і сваволя шляхты ператварылі некалі магутную дзяржаву у "карчму заездную" для сваіх суседзяў. У 1795 годзе "тры каранаваныя разбойнікі": Расея, Аўстрыя і Прусія падзялілі паміж сабою Рэч Паспалітую Двух Народаў. Вялікае Княства Літоўскае перастала існаваць як дзяржава і было ўключана ў склад Расейскай імпэрыі. Нацыянальная апатыя, якая ахапіла нашае грамадзтва ў XVIII-XIX стагодзьдзях прывяла да таго, што яно згубіла сваё імя, а разам зь ім і гісторыю. З другой паловы XIX стагодзьдзя жыхароў колішняга Вялікага Княства Літоўскага сталі называць беларусамі, а назву "Літва" пачалі адносіць да балцкай Жамойці. Блытаніна, якая ўзьнікла ў сувязі з гэтым, да сёньняшняга дня перашкаджае беларусам адказаць на пытаньне "хто мы?" і знайсьці сваё месца ў гісторыі.
<далей> <зьмест>
|
|